Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фата́льны

(лац. fatalis)

непазбежны, наканаваны лёсам (напр. ф. збег акалічнасцей).

фа́уна

(н.-лац. fauna, ад лац. Fauna = імя багіні палёў і лясоў, апякункі статкаў у старажытнарымскай міфалогіі)

сукупнасць усіх відаў жывёл якой-н. мясцовасці або геалагічнага перыяду (параўн. флора).

фашы́зм

(іт. fascismo, ад лац. fascis = вязка прутоў, пучок)

ідэалагічная форма адкрытай ваяўнічай тэрарыстычнай дыктатуры, якая ажыццяўляе палітыку шавінізму, расізму, агрэсіі.

федэра́цыя

(фр. fédération, ад лац. foederato = саюз, аб’яднанне)

1) форма дзяржаўнага ўладкавання, пры якой некалькі дзяржаўных утварэнняў, якія валодаюць пэўнай юрыдычнай і палітычнай самастойнасцю, утвараюць адну саюзную дзяржаву, а таксама сама дзяржава, арганізаваная на такіх пачатках;

2) саюз свабодных таварыстваў, арганізацый (напр. шахматная ф.).

феерве́рк

(ням. Feuerwerk, ад Feuer = агонь +Werk = работа)

1) каляровыя агні, рознакаляровыя асвятляльныя ракеты, якія запускаюцца ў час свят, урачыстасцей;

2) перан. імклівы паток чаго-н. (напр. ф. слоў).

фее́рыя

(фр. féerie, ад fée, = фея, чараўніца)

1) тэатральны спектакль або цыркавое прадстаўленне з казачным сюжэтам і выкарыстаннем розных сцэнічных эфектаў;

2) перан. чароўнае, казачнае відовішча.

фельето́н

(фр. feuilleton, ад feuille = ліст, аркуш)

кароткі газетны або часопісны артыкул гумарыстычнага ці сатырычнага зместу на надзённую тэму.

фемі́да

(гр. Themis, -idos = імя багіні правасуддзя ў старажытнарымскай міфалогіі)

перан. правасуддзе.

феміні́зм

(фр. féminisme, ад лац. femina = жанчына)

грамадскі рух за ўраўноўванне ў правах жанчын з мужчынамі.

феміні́ст

(фр. féministe, ад лац. femina = жанчына)

прыхільнік фемінізму.