Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

суперма́ркет

(англ. supermarket, ад лац. supér = над, звыш + англ. market = рынак)

буйны магазін самаабслугоўвання па гандлю таварамі паўсядзённага попыту, пераважна спажывецкага.

супермэ́н

(англ. superman, ад лац. super = над, звыш + + англ. man = чалавек)

1) герой дэтэктываў, коміксаў, кінабаевікоў, надзелены нязвыклымі якасцямі, якія робяць яго непераможным, абаяльным;

2) іран. чалавек, упэўнены ў сваёй перавазе над іншымі.

супершо́у

(англ. supershow, ад лац. super = над + англ. show = шоу)

прадстаўленне, у якім выкарыстоўваюцца спецыяльныя сродкі, прыёмы для стварэння моцнага ўражання ў гледачоў.

сурага́т

(лац. surrogatus = пастаўлены замест іншага)

1) непаўнацэнны замяняльнік чаго-н.;

2) перан. падробка, фальсіфікацыя.

сурвэ́тка

(фр. serviette)

1) невялікі абрус;

2) невялікі кавалак тканіны або паперы ў выглядзе хустачкі для выцірання губ пасля яды, засцеражэння вопраткі ў цырульні і інш.

сутэнёр

(фр. souteneur)

маральна паўшы чалавек, які жыве на сродкі прастытуткі.

суфлёр

(фр. souffleur)

1) работнік тэатра, які падказвае акцёрам словы ролі ў час спектакля;

2) перан. падказчык.

сфе́ра

(лац. sphaera, ад гр. sphaira = шар)

1) шар або яго ўнутраная паверхня (напр. зямная с., нябесная с.);

2) вобласць распаўсюджання чаго-н. (напр. с. прыцягнення планеты, с. уплыву);

3) галіна якой-н. дзейнасці, праяўлення якіх-н. інтарэсаў (напр. с. вытворчасці, с. абслугоўвання);

4) грамадскае асяроддзе, кола асоб, аб’яднаных агульнасцю сацыяльнага становішча або заняткаў (напр. навуковая с., дзелавая с.).

схала́стыка

(гр. scholastikos = школьны)

1) сярэдневяковая рэлігійна-ідэалістычная філасофія, якая вызначалася абстрактнымі разважаннямі і фармальнымі лагічнымі мудрагельствамі;

2) перан. фармальныя веды, адарваныя ад жыцця.

схематы́зм

(гр. schématismos = абрысы, форма)

спрошчанасць, трафарэтнасць у мысленні, у адлюстраванні чаго-н.