Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

анахрані́зм

(гр. anachronismos, ад ana- = назад, супраць + chronos = час)

1) парушэнне храналагічнай дакладнасці, якое прыводзіць да неапраўданага ўнясення ў апісанне якой-н. эпохі рыс, характэрных для іншага часу;

2) устарэлы погляд, падыход, звычай; перажытак мінулага.

анаша́

(цюрк. anaša = каноплі)

асобы від дзікіх канапель, якія змяшчаюць у лісцях, суквеццях і пылку моцны наркотык, а таксама сам гэты наркотык.

ангажы́раваны

(фр. engagé, ад engager = запрашаць)

які актыўна прытрымліваецца той або іншай палітычнай арыентацыі або звязаны з той ці іншай грамадскай плынню; завербаваны (напр. а-ая прэса).

ангажы́раваць

(фр. engager)

1) уст. запрашаць артыстаў для ўдзелу ў спектаклях або канцэртах на пэўны тэрмін;

2) прыцягваць каго-н. да актыўнага ўдзелу ў якой-н. справе.

ангіёма

[ад гр. angeion = сасуд + (onk)oma = пухліна]

мед. дабраякасная пухліна, якая складаецца з крывяносных і лімфатычных сасудаў.

ангі́на

(лац. angina, ад angere = душыць)

запаленне слізістай абалонкі зева, міндалін.

англіка́нства

(ад англ. Anglican = англіканскі)

дзяржаўная царква ў Англіі, адна з пратэстанцкіх цэркваў, што ўзнікла ў XVI ст. у час Рэфармацыі.

андрагі́нія

(ад гр. androgynos = двухполы)

наяўнасць у асобіны аднаго полу прымет другога полу (прыватны выпадак андрагініі — гермафрадытызм).

андрафо́бія

(ад гр. aner, andros = мужчына + phobos = страх)

нянавісць да мужчын, страх перад мужчынамі.

андэргра́унд

(англ. underground = падполле)

1) афіцыйна не прызнанае мастацтва;

2) нелегальны рух у палітыцы.