Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дэмакра́тыя

(фр. démocratie, ад гр. demos = народ + kratos = улада)

1) форма дзяржаўнага кіравання, заснаваная на прызнанні народа крыніцай улады (проціл. аўтарытарызм); 2) прынцып арганізацыі дзейнасці калектыву, заснаваны на раўнапраўным удзеле ўсіх яго членаў.

дэманстра́цыя

(лац. demonstratio = паказванне)

1) масавае шэсце для выражэння грамадска-палітычных настрояў;

2) публічны, наглядны паказ чаго-н. (напр. д. кінафільма);

3) паводзіны, учынкі, якія падкрэслена выражаюць пратэст, нязгоду з чым-н. (напр. д. непрыязнасці);

4) ваенная аперацыя з мэтай адцягнуць увагу праціўніка ад месца галоўнага ўдару;

5) дзеянні пагрозлівага характару з боку якой-н. дзяржавы з мэтай уздзейнічаць на іншую дзяржаву (напр. д. сілы).

дэманта́ж

(фр. démontage)

разборка машын, станкоў, абсталявання для рамонту або перамяшчэння на новае месца (напр. д. электрастанцыі).

дэмараліза́цыя

(фр. démoralisation)

упадак духу, дысцыпліны, а таксама маральнае разлажэнне (напр. д. арміі, д. грамадства).

дэма́рш

(фр. démarche)

дыпламатычнае выступленне ў форме ноты, заявы, адрасаванае ўраду якой-н. дзяржавы з мэтай выразіць пратэст, перасцярогу, дамагчыся ўступак і інш.

дэме́нцыя

(лац. dementia = шаленства)

мед. прыдуркаватасць, якая ўзнікае ў чалавека ў выніку паражэння галаўнога мозгу пры атэрасклерозе, эпілепсіі і інш. (параўн. алігафрэнія).

дэмісезо́нны

(фр. demisaison = пераходная пара года)

прызначаны для нашэння вясной і восенню (напр. д-ае паліто).

дэ́мпінг

(англ. dumping = літар. скідванне)

продаж тавараў на знешнім рынку па зніжаных цэнах з мэтай выцяснення канкурэнтаў.

дэнаміна́цыя

(лац. denominatio = перайменаванне)

экан. змяненне намінальнай вартасці грашовых знакаў для ўпарадкавання грашовага абарачэння і спрашчэння разлікаў.

дэнанса́цыя

(фр. dénonsation)

заява якой-н. дзяржавы аб скасаванні міжнароднага дагавору.