Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ма́ркер

(англ. marker)

1) фламастэр з тоўстым стрыжнем для выдзялення частак тэксту;

2) метка на магнітнай стужцы;

3) ружжо для гульні ў пейнтбол.

марке́тынг

(англ. marketing, ад market = рынак)

арганізацыя вытворчасці і збыту прадуктаў на аснове вынікаў інтэнсіўнага вывучэння і прагназіравання попыту, цэн, шырокага выкарыстання рэкламы і стымулявання вытворчасці, прымянення сучасных спосабаў захавання і транспарціроўкі тавараў, тэхнічнага і іншага абслугоўвання спажыўцоў.

маркёр

(фр. markueur)

асоба, якая абслугоўвае більярд і вядзе падлік ачкоў пры більярднай гульні.

марцірало́г

(с.-лац. martirologium, ад гр. martys, -yros = мучанік + logos = слова)

1) зборнік сярэдневяковых аповесцей пра хрысціянскіх мучанікаў;

2) перан. спіс ахвяр, без віны замучаных, а таксама пералік перанесеных кім-н. пакут.

марцыпа́н

(ням. Marzipan, ад іт. marzapane)

1) цестападобная маса, прыгатаваная з працёртага міндалю або арэхаў з цукрам, а таксама кандытарскі выраб з гэтай масы;

2) перан. што-н. вельмі смачнае, адмыслова прыгатаванае.

маршру́т

(ням. Marschrute, ад фр. marche = хадзьба + route = шлях, дарога)

загадзя вызначаны шлях руху (людзей, войск, паяздоў, самалётаў і г. д.).

ма́рынер

(англ. mariner = літар. марак)

серыя амерыканскіх аўтаматычных міжпланетных станцый для даследавання планет Сонечнай сістэмы і касмічнай прасторы, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў.

марыхуа́на

(ісп. marihuana, з індз.)

наркотык, які здабываецца з індыйскіх канапель.

марыяне́тка

(фр. marionnette)

1) тэатральная лялька, якая прыводзіцца ў рух пры дапамозе нітак або металічнага прута;

2) перан. чалавек, палітычны дзеяч, які слепа дзейнічае па ўказцы іншых, з’яўляецца паслухмянай прыладай у чужых руках.