Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

му́за

(польск. muza < лац. musa, ад гр. musa)

1) кожная з дзевяці багінь, заступніц навук і мастацтваў, у старажытнагрэчаскай міфалогіі (напр. Мельпамена — м. трагедыі, Тэрпсіхора — м. танцаў);

2) перан. крыніца паэтычнага натхнення, а таксама само натхненне, творчасць (напр. м. Купалы).

музе́й

(лац. museum, ад гр. museion = храм муз)

установа, якая збірае, вывучае і выстаўляе для паказу помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, а таксама прыродазнаўчыя калекцыі (напр. краязнаўчы м.).

му́зыка

[польск. muzyka < лац. musica, ад гр. musike (techne) = музычнае мастацтва]

1) мастацтва, якое адлюстроўвае рэчаіснасць у гукавых вобразах, а таксама творы гэтага мастацтва;

2) выкананне твораў гэтага мастацтва (напр. м. і спевы);

3) перан. прыемнае для слыху гучанне чаго-н. (напр. м. размовы, м. ручая).

музы́́ка

(польск. muzyk < лац. musicus, ад гр. musikos = музычны)

музыкант-выканаўца; той, хто іграе на музычным інструменце.

мультыві́за

(ад лац. multum = многа + visa, ад visus = прагледжаны)

віза, якая дае права на шматразовы ўезд у якую-н. краіну; шматразовая віза.

мультыме́дыя

(англ. multimedia, ад лац. multum = многа + medium = цэнтр)

інф. тэхналогія, якая прадугледжвае выкарыстанне розных сродкаў вытворчасці, захоўвання і перадачы інфармацыі (акустычных, візуальных, тэкставых, графічных), а таксама сукупнасць праграм і інфармацыйных сістэм, якія рэалізуюць гэту тэхналогію.

мультыпліка́цыя

(лац. multiplicatio = памнажэнне)

кіназдымка паслядоўных фаз рухаў маляваных ці аб’ёмных фігур, што ствараюць ілюзію руху жывых персанажаў, а таксама фільм, створаны пры дапамозе такой кіназдымкі.

муля́ж

(фр. moulage = ліццё)

злепак прадмета ў натуральную велічыню (з гіпсу, воску, парафіну), які выкарыстоўваецца ў якасці нагляднага дапаможніка пры выкладанні, а таксама для афармлення вітрын, у музейных экспазіцыях і інш.

муніцыпалітэ́т

(ням. Munizipalität, ад лац. municipalis = гарадскі)

орган гарадскога або сельскага самакіравання ў некаторых краінах.

мусі́раваць

(фр. mousser = пеніцца)

1) узбіваць пену;

2) перан. перавялічваць значэнне чаго-н. (напр. м. асцярогу, м. чуткі).