Аске́пак, аскёпак ’асколак, шчэпка, трэска’. Параўн. яшчэ атськёпык ’адшчэпак’ (Бяльк.). Рус. дыял. паўдн. оскепок ’аскепак’, укр. оскипище ’ручка грабляў’. Ст.-рус. оскѣпъ ’кап’ё’. Паводле значэння, рускае і беларускае словы тлумачацца як суфіксальныя ўтварэнні ад дзеяслова, засведчанага ў Даля: оскепать ’ашчэпяць’; параўн. абрывак, адломак. Іншае магчымае тлумачэнне: памяншальнае ад аскеп (ст.-рус. оскѣпъ) семантычна менш верагодна. Дзеяслоў оскѣпати (> назоўнік оскѣпъ) утвораны ад дзеяслова скѣпати > скяпаць (гл.). Захаванне ў націскным складзе ў бел. аскепак е (пры пераходзе яго ў ё ў некаторых магілёўскіх гаворках) можна лічыць як сведчанне ў карысць гіпотэзы Якабсона (IJSLP, 1/2, 270) пра тое, што ск захоўвалася тут перад оі, з якога ўтварыўся ѣ. Аскепак і шчэпка словы аднакарэнныя. Малаверагодная думка Даля (IV, 195), падтрыманая Когенам (Запіскі, 1, 236–237) і Сцяцком (Нар. 27), пра роднаснасць аскепак і скіба ’луста’, якое запазычана праз польскую з нямецкай мовы. Семантычна скіба, скібка не ўжываюцца, калі справа ідзе пра дрэва, фанетычна кепска тлумачыцца б і не найлепшым чынам і. Гл. скіба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астро́г, вастро́г. Рус. остро́г ’частакол, умацаваны гарадок, турма’, укр. остріг ’пляцень з крышай’, турма’, польск. ostróg ’частакол, умацаванае месца, замак, ’турма ў царскай Расіі’ (гэта значэнне, відаць, з усходнеславянскіх моў), чэш., славац. ostroh ’адгор’е, мыс’ (параўн. рус. отрог, рус. дыял. острог ’мыс’), славен. ostròg ’умацаванае месца’. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. острогъ ’частакол, умацаванае месца’. Міклашыч (293), Гараеў (243), Мікала (IF, 6, 350), Зубаты (Studie, 1, 2, 171) адносілі да кораня слова сцерагчы, што фанетычна недакладна; Махэк₂ (420) выводзіць з ostožiti (гл. астожжа) з пазнейшай кантамінацыяй з востры. Мейе (Études, 354). Праабражэнскі (1, 666–667), Фасмер (3, 166) (дзе гл. іншую літаратуру) звязваюць з *ostr‑. Суфікс ‑g‑ яшчэ ў вярыга і інш. Па Фасмеру першапачатковае значэнне ’вострае’, адкуль, можна вывесці і ’мыс’, і гару’, і інш. Аднак больш верагодна дапушчэнне Праабражэнскага пра тое, што першапачаткова размова ішла пра плот з вострымі коллямі. Гл. астрога. Тады чэш., славац. і рус. паралелі не трэба атаясамліваць з гэтым словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́таваць (ра́товаць) ’ваяваць за нешта; шумець, буйстваваць’ (Нас.). Параўн. рус. ра́товать ’змагацца, адстойваць’, дыял. ’біцца’, серб. ра̏товати ’ваяваць’. Да раць (гл.).

Ратава́ць ’пазбаўляць ад небяспекі, пагрозы, гібелі; берагчы’ (ТСБМ, Касп., Шат., Стан., Сл. ПЗБ), ратава́ць, рытыва́ць, рютува́ць, рятува́ть ’тс’ (Бяльк.), ратава́ць (rataváć) ’дапамагаць’ (Варл., Сл. ПЗБ), ратова́ць, рэтова́ць ’даваць паратунак’ (ТС), ретова́ць ’спяшацца дапамагчы ў бядзе’ (Нас.), ст.-бел. ретовати, ратовати ’тс’. Запазычана праз польск. ratować з ням. retten ’тс’, фанетычна і марфалагічна адаптаванае яшчэ ў сярэдне-польскі перыяд (Нававейскі, Zapożyczenia, 83). Формы з каранёвым ‑е‑ (‑э‑), упершыню зафіксаваныя ў 1514 г. (паводле Карскага, 1, 107: “е на месте а не после мягкого согласного”), больш набліжаныя да зыходнай нямецкай формы, што не выключае прамога запазычання. Ад ретовати магчыма развіццё рус. рято́вать з яканнем, што Фасмер (3, 447) вызначае, як “гіперграматычнае я”. Гл. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 41. Сюды ж, відаць, смал. рята́ ’дапамога, ратаванне’ (Дабр., Этн., 4), што суадносіцца з польск. rata!, raty! ’крык дапамогі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́кма ’толькі, столькі’: не токма пець, ён слова сказаць не можа (Мат. Гом.), насыпалі токма (пры продажы гаршкоў за збожжа, г. зн. за гаршчок давалі столькі зерня, колькі ў яго ўлазіла) (Вярэн., Арх. Вяр.), ст.-бел. токмо ’толькі’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. то́кма ’тым больш, больш за тое; без прыдачы’, рус. то́кмо ’толькі’, дыял. то́кма ’тс’, стараж.-рус. тъкъмо, тъкъма, тъкма ’тс’, славен. tekma ’спаборніцтва’, дыял. tekmà ’аднолькава, якраз’, харв. takmo, takmu ’толькі’, балг. ъ́кмо ’дакладна, роўна, якраз, менавіта’, макед. токму ’дакладна, якраз, своечасова, менавіта’, ст.-слав. тъкъмо, токъмо, токмо ’толькі’. Прасл. *tъkъmo звязана з *tъknǫti (параўн. тыкнуць, ткаць2), гл. ESSJ SG, 2, 712–714. Паводле Фасмера (4, 70), параўнанне з літ. tìkti ’надаецца, падыходзіць’, tiktaĩ ’толькі’ фанетычна недакладнае. Сной (у Бязлай, 4, 163) мяркуе пра прыслоўе ад *tъknǫti па тыпу міма (гл.), якое семантычна супадае з рус. то́чно ’дакладна’, што ўзыходзіць да таго ж дзеяслова (параўн. точ у точ ’дакладна’, гл. точ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахо́та ’ахвота, жаданне’ (Цыхун, Бел. фраз., 101), ’ахвота’, ’паляванне’ (Бяльк., Юрч., Ян, КСТ), ахочы ’ахвочы’ (КТС), ст.-бел. охотный, ѡхочи, укр. охота ’ахвота, весялосць’, охочий ’ахвотны, згодны’, рус. охота ’ахвота; паляванне’, охотный, охочий ’ахвочы’, польск. ochota ’ахвота; радасць, весялосць’, ochoczy ’ахвотны, вясёлы’ (з усходнеславянскіх моў, Грабец, Elementy, 102), славац. ochota, чэш. ochota. Звычайна звязваюць з *xotěti ’хацець’, параўн. Бернекер, 399; Фасмер, 3, 176 (з літар.); нельга адрываць ад ахвота ’жаданне’, фармальныя разыходжанні з якім тлумачацца фанетычна (гл. Ільінскі, AfslPh, 29, 168 і наст., параўн. таксама паралельныя палескія формы хвотно//хотно ’весела’, хвойка//хойка ’хвошч’, хвіст//хіст ’тычка’ (КСТ); Якабсон, Word, 2, 615 (рус. охвота < охота), або ўплывам іншых слоў, параўн. Карскі, 1, 339 (хватаць). Значэнне ’паляванне’, відаць, пад уплывам рус. охота, табуістычнага ўтварэння ад хотеть, гл. Зяленін, Табу, 1, 125 і наст.; Трубачоў, Дополн., 3, 176; іншы прынцып намінацыі ў беларускіх (часткова рускіх) назвах: паляванне ад поле, палешня (Касп.) ад лес, арэал распаўсюджання якіх Непакупны (Baltistica, III (1), 1967, 79) акрэслівае як прымыкаючы да балтыйскай і фінскай тэрыторый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кмець ’селянін без зямлі, які мае ўласную хату з садзікам’ (Федар.), «подлыя кмеці» ў Багушэвіча (Дасл. (Гродна), 1967, 39), ’воін у старажытнай Русі’ (ТСБМ). Ст.-бел. кметь ’селянін’ < польск. kmieć (Булыка, Запазыч., 157). Укр. кметь, кміть ’селянін, просты чалавек’, рус. кметь ’тс’, ст.-рус. къметь ’воін’, балг. кмет ’войт, гарадскі галава’, серб.-харв. кме̏т ’селянін’, славен. kmèt ’тс’, польск. kmieć ’селянін, багаты гаспадар’, чэш. kmet ’селянін, дзед’, славац. kmeť ’тс’, в.-луж. kmjeć ’першы селянін, галава’. Прасл. kъmetь традыцыйна выводзіцца з лац. comes, comitis ’спадарожнік, таварыш’ (параўн. нар.-лац. cometia ’акруга’) (Фасмер, 2, 261; Слаўскі, 2, 279). Больш прывабнай здаецца іншая версія (хоць яна лічыцца менш пераканаўчай: параўн. ЕСУМ, 2, 472), якая асноўваецца на супастаўленні са ст.-грэч. κομήτης ’селянін’, κώμη ’сяло, гарадскі раён’ (Біркенмайер, JP, 21, 174–176). Грэчаскае значэнне цалкам супадае са славянскім, чаго нельга сказаць аб лацінскім. Лац. comes, comitis фанетычна таксама не цалкам адпавядае прасл. kъmetь. Хутчэй за ўсё трэба меркаваць аб старажытным лексічным пранікненні з адной з палеабалканскіх моў. Пакуль што нельга вызначыць, з якой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пёс ’сабака’ (Бес., Нас.), астрав. пес ’тс’ (Сл. ПЗБ), пёссі ’сабачы’ (чач., Нар. Гом.; Чарадз. казкі), укр. пес, рус. пёс, польск. pies, н.-луж. pjas, в.-луж. pos, чэш., славац. pes, славен. pȅs ’сабака’, серб.-харв. па̏с, макед. пес, балг. пес, пе́сът, старое pъs, ст.-слав. пьсъ. Прасл. pьsъ, якое фанетычна стаіць найбліжэй да ст.-інд. piçáŋgas ’рыжаваты, карычневы’, параўн. Рыжык ’імя сабакі’ і прасл. *pьstrъ ’стракаты’ (першапачаткова ’плямісты’ — параўн. авест. paēsa ’пракажоны’, ст.-грэч. ποικίλος ’стракаты’ і інш.) (Фасмер, 3, 248). Найімаверней выходзіць з і.-е. *pĭk‑ ’злы’, хаця ў балт. мовах — *pik‑/*pei̯k‑/*poi̯k (літ. pìktas ’тс’, peĩkti ’ганіць’, ’абгаворваць, зняслаўліваць’, paĩkas ’прыдуркаваты’) (Сной–Бязлай, 3, 27). Іншыя версіі: збліжэнне з лац. pecus ’скаціна’, ст.-грэч. πεκος ’шкура’, ст.-інд. paçús, авест. pasu‑ ’тс’, гоц. faíhu ’грошы’ з набліжэннем семантыкі да ’касматы, калматы’ (Ільінскі, РФВ, 69, 13; 73, 286; AfslPh, 34, 11) ці да ’вартаўнік скаціны’ (Остгаф, Parerga 1, 214, 256–265 і наст.; Брукнер, 411, Барталоме, 881), што, як і збліжэнне з лац. specio ’гляджу’ (Мее, Études, 238) і інш., з’яўляюцца менш імавернымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аціля́кавацца ’надта марудзіць, абыякава адносіцца да справы’ (Янк. Мат.), ацялякаваць, ацялякавацца ’марудзіць’ (КСП), ацілягавацца ’марудзіць, нядбайна адносіцца да працы’ (КЭС, лаг.), ацялягвацца ’рабіць нешта павольна’ (мядз., Цыхун, вусн. паведамл.), аціляка ’марудная, павольная ў справе асоба’ (міёр., Крыўко, вусн. паведамл.). Магчыма, запазычанне з літоўскай мовы, параўн. atsilìkti, atsiliẽkti ’адстаць, адставаць’, зваротны прыставачны дзеяслоў ад lìkti, liẽka ’аставацца, астацца’, крыніцай запазычання магла быць форма 3‑й ас. адз. л. atsiliẽka (адносна апошняй формы гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 209), параўн. аціляка, з пазнейшым расшырэннем адыменнай дзеяслоўнай асновы суфіксам ‑ва‑, параўн. прастарэка ’балбатун’ — прастарэкаваць ’гаварыць лухту, балбатаць’, варыянтнасць у корані слова тлумачыцца фанетычна: а замест і ў выніку прыпадабнення складоў, г замест к як вынік азванчэння ў інтэрвакальным становішчы, параўн. дыял. стага́н, ’шклянка’ і інш. У карысць такой версіі сведчаць і лінгвагеаграфічныя даныя, аднак яны не пярэчаць і іншай версіі: ацялякавацца ад целекаваты, у сваю чаргу ўтворанага ад вядомага з гаворак на беларуска-літоўскім паграніччы і паўночна-ўсходніх польскіх гаворак цяляк (cielak) цяля; дурнаваты, няразвіты хлопец’, раней таксама ’пастух цялят; гультай, разява’. Больш праблематычнай здаецца сувязь з полац. цюлёгаць ’квэцаць, рабіць абы-як’ (Садоўскі, вусн. паведамл.), польск. ciulać ’марудна і абы-як рабіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сустрака́ць ’ісці насустрач, вітаць’ (Нас., Ласт., Яруш., Некр. і Байк., Касп., Шн. 2, Шат., Сл. ПЗБ), сюды ж сустрака́нне ’сустрэча’ (Юрч. Вытв.), параўн. рус. пск. сустрекать ’тс’, стараж.-рус. сустрѣкати ’тс’. Фанетычна да стрэць (гл.); к замест ч, параўн. сустрача́ць (Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі), сустрэча́ць ’тс’ (ТС), тлумачыцца развіццём прасл. *tj > з наступным зацвярдзеннем, характэрным для часткі праславянскіх дыялектаў, пераважна т. зв. старажытнакрывіцкаму; гл. Нікалаеў, Балто-слав. иссл., 1988, 133–135; Залізняк, Слав. языкозн., X, 167. Параўн., аднак, аналагічнае развіццё ў т. зв. старажытнарадзімічскім рэгіёне: сустрэка́ть і сустрэча́ть ’тс’ (Растарг.), а таксама стракаць ’тс’ (гл.), што, магчыма, сведчыць пра старыя сувязі з заходнеславянскімі мовамі. Менш верагодна другаснае развіццё ч > к у выніку уніфікацыі асноў, як мяркуе Фасмер (3, 810) і іншыя, параўн. Палякоў, Slavistica Vilnensis, 1997, 190. Іванаў (Слав. языкозн., XIV, 263) бачыць тут працяг трансфармацыі tl у kl, параўн. соустрѣкле ’ён сустрэў’ (Пскоўскі летапіс XV ст.), што адпавядае [sustrēkal] з першапачатковага *rēt‑, адкуль сустракаць як паўднёвы працяг формы (Шавялёў, Prehistory, 371). Векслер (Гіст., 102) бачыць у беларускім слове кантактны ўплыў суседняй пскоўскай гаворкі або балцкіх моў. Сюды ж сустрэ́к: бягом к яму на сустрэк (Сержп. Прымхі) пры звычайным су́страч, укр. зу́стріч, зустрі́ч ’сустрэча’, рус. дыял. су́стреч, серб. дыял. сусрет і пад. (< *sъ‑rět‑, гл. ESSJ SG, 1, 255–256).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́ла, зал ’вялікі пакой’. Рус. зал, уст. зала, зало, укр. зал, зала, польск. sala, в.-луж. sal, sala, чэш. sál, славац. sála, серб.-харв. са́ла, балг. за̀ла < рус., макед. сала. У Бярынды (1627 г.) і ў ст.-бел. (1582 г.) саля. Зала, зал < рус. < ням. Saal. Саля < польск. < франц. ці іт. < герм. (франк., лангб.) sala ’дом, будова’. Шанскі, 2, З, 42; Фасмер, 2, 76; Біржакава, 362; Булыка, Запазыч., 293; Брукнер, 479.

Зала́1 ’попел’, ’луг’, ’брудная вада, што застаецца пасля мыцця бялізны’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зола́ ’попел’, укр. зола́ ’попел’, ’луг’, польск. zoła ’луг з попелу’, чэш. zola ’тс’, славац. zola ’попел з вапнай (у гарбарскай справе)’, с.-луж. zoła ’луг’, балг. уст. зола̀ ’вада з попелам’. Параўн. літ. žilas ’шэры’, лат. zils ’блакітны’ і іншыя і.-е. словы; гл. зялёны. Зубаты, Studie, 1, I, 124; Траўтман, 365. Прасл. zola < і.-е. *gʼhel‑ і інш. ’светлы, святлець, блішчаць’. Покарны, 1, 430; Фасмер, 2, 103; Брукнер, 656; Шанскі, 2, З, 104. Думка Махэка₂ (718) пра запазыч. з ням. Sole ’салёная вада’ не абгрунтаваная, паколькі слова мае агульнаслав. пашырэнне. Параўнанні са ст.-в.-ням. kolo ’вуглішча’, ст.-інд. jválati ’гарыць’, прапанавання Младэнавым (194), БЕР (1, 652), фанетычна недастаткова абгрунтаваныя, ням. Kohle хутчэй з і.-е. *g(e)u‑l‑o, Покарны, 1, 399; гл. жураць, жуляць. Гл. заліць2.

Зала́2 ’кепскае надвор’е з дажджом і снегам’ (Касп.). Гл. золь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)