Ахво́та (БРС, Бяльк., Гарэц., Мал., Касп., Сержп., КЭС, лаг., Яруш.), ахвочы ’шчыры, хто робіць з ахвотай’ (БРС, Касп., Гарэц., Бяльк., КЭС, лаг., Яруш.), ахвоціцца ’мець ахвоту’ (КЭС, лаг.), охвоча ’без прымусу’ (КЭС, лаг.), ахвотна (БРС, Касп., Гарэц., Бяльк., КЭС, лаг.), охвотно ’весела, прыемна’ (КСТ), ахвотнік ’дабраволец’ (БРС, КЭС, лаг.), ст.-бел. ѡхвотно (XV ст.), ѡ̈хвочий, ѡ̈хвочь (XVI ст., Карскі, 1, 339), укр. охвота ’жаданне, задавальненне’, охвітно ’прыемна, з задавальненнем’, рус. охвота ’жаданне’, ’паляванне’ (выключна паўночна-заходняе), ст.-рус. охвота, охвочии, охвотьнъ ’вясёлы, жвавы’. Нельга разглядаць асобна ад ахота, з якім ахвота мае паралельнае ўжыванне на большай частцы беларускага моўнага арэалу; паводле Брукнера, KZ, 45, 25, назоўнік ад *ochvy: параўн. палаб. våxvě ’здаровы, вясёлы’ (з oxvъ‑jь), в.-луж. wochwy ’тс’, палаб. våxötněoxvotьnъjь), «na tüjǫ våxötǫ» «за тваё здароўе» (тост) < *oxvotǫ гл. Шыдлоўска–Цэглёва, SOc, 27 (1968), 266; гл. таксама Махэк₂, 411, які ўслед за Брукнерам збліжае з ст.-чэш. ochviti sě ’разгуляцца, распаліцца, аддацца чаму-небудзь’, тады ахота < ахвота з выпадзеннем в, параўн. Бернекер, 398, адносна фанетычных умоў гэтай з’явы гл. Ільінскі, AfslPh, 29, 168 і наст.; Атрэмбскі (Życie wyrazów, 320) тлумачыць выпадзенне w у польск. ochwota і развіццё значэння ад ’жвавасць, вясёласць’ да ’жаданне’ ўплывам chocieć насуперак Брукнеру, які адмаўляе такую сувязь; інакш Якабсон, Word, 2, 615: рус. охвота < охота ў выніку характэрнай дыялектнай з’явы пераходу охо > охво, паралельнай да ого (оɣо) > ово; згодна Карскаму 1, 339, ахвота з ахота ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з хватаць. Паводле Шутца, WSl, 8, 346, рус. охвота і охота ўзыходзяць да кораня *xu̯‑o‑t (адлюстроўвае нармальную ступень чаргавання асноў, што ўзнікла на базе ступені з рэдукцыяй, першапачаткова *xō̆ut‑: *xūt‑: *xut‑ > чэш. huť ’радасць’, прасл. xytiti, серб.-харв. htjěti < *xъteti), які супрацьпастаўляецца кораню *xu̯‑ō‑t з падаўжэннем галоснага, параўн. прасл. xvatъ, рус. хвати́ть ’схапіць’, гл. таксама Куркіна, Этимология, 1971, 77. Параўн. расхваціцца ’зрабіць з ахвотай’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)