Кмець ’селянін без зямлі, які мае ўласную хату з садзікам’ (Федар.), «подлыя кмеці» ў Багушэвіча (Дасл. (Гродна), 1967, 39), ’воін у старажытнай Русі’ (ТСБМ). Ст.-бел. кметь ’селянін’ < польск. kmieć (Булыка, Запазыч., 157). Укр. кметь, кміть ’селянін, просты чалавек’, рус. кметь ’тс’, ст.-рус. къметь ’воін’, балг. кмет ’войт, гарадскі галава’, серб.-харв. кме̏т ’селянін’, славен. kmèt ’тс’, польск. kmieć ’селянін, багаты гаспадар’, чэш. kmet ’селянін, дзед’, славац. kmeť ’тс’, в.-луж. kmjeć ’першы селянін, галава’. Прасл. kъmetь традыцыйна выводзіцца з лац. comes, comitis ’спадарожнік, таварыш’ (параўн. нар.-лац. cometia ’акруга’) (Фасмер, 2, 261; Слаўскі, 2, 279). Больш прывабнай здаецца іншая версія (хоць яна лічыцца менш пераканаўчай: параўн. ЕСУМ, 2, 472), якая асноўваецца на супастаўленні са ст.-грэч. κομήτης ’селянін’, κώμη ’сяло, гарадскі раён’ (Біркенмайер, JP, 21, 174–176). Грэчаскае значэнне цалкам супадае са славянскім, чаго нельга сказаць аб лацінскім. Лац. comes, comitis фанетычна таксама не цалкам адпавядае прасл. kъmetь. Хутчэй за ўсё трэба меркаваць аб старажытным лексічным пранікненні з адной з палеабалканскіх моў. Пакуль што нельга вызначыць, з якой.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)