Скі́ба, скі́бка ‘луста хлеба’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Байк. і Некр., Варл., Бяльк., Гарэц., Сцяшк., Шн. 3, Мал., Янк. 3., ТС, Сл. ПЗБ, Бір. дыс., ЛА, 4), ‘пласт, вал зямлі, які адкідаецца плугам пры ворыве’ (ТСБМ, Шат., Бес., Сл. ПЗБ), скі́бка ‘трэска’, ‘невялікі кавалак’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. скиба ‘луста’ (Альтбаўэр). Праз польск. skiba ‘луста хлеба , ‘пласт зямлі’ (Кюнэ, Poln., 96; Брукнер, 493) з ст.-в.-ням. scîba ‘луста’; Карскі (Белорусы, 157) у якасці зыходнай формы ўказваў н.-ням. Skeebe (Scheibe), што да ісл. skífa ‘луста’, аднак апошняе, як і дапушчэнне аб спрадвечнаславянскім паходжанні (набліжаецца да скубаць.; гл. Ільінскі, РФВ, 78, 203), абвяргаецца Фасмерам (3, 639). Ст.-бел. скиба ‘луста; скіба’ запазычана з ст.-польск. skiba ў пачатку XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 102). Гл. таксама Коген, Запіскі, 2, 236–237, дзе аўтар схіляецца да прапановы Ільінскага аб роднасці з скубаць (гл.) і ўзводзіць да ням. schiebe, с.-в.-ням. scîba і названую форму да і.-е. *skeib‑/*skeub‑, суадносную з і.-е. *skep‑/*skop‑, прадстаўленай у аскепак, шчапаць, скапец 2 (гл.).