Астро́г, вастро́г. Рус. остро́г ’частакол, умацаваны гарадок, турма’, укр. остріг ’пляцень з крышай’, турма’, польск. ostróg ’частакол, умацаванае месца, замак, ’турма ў царскай Расіі’ (гэта значэнне, відаць, з усходнеславянскіх моў), чэш., славац. ostroh ’адгор’е, мыс’ (параўн. рус. отрог, рус. дыял. острог ’мыс’), славен. ostròg ’умацаванае месца’. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. острогъ ’частакол, умацаванае месца’. Міклашыч (293), Гараеў (243), Мікала (IF, 6, 350), Зубаты (Studie, 1, 2, 171) адносілі да кораня слова сцерагчы, што фанетычна недакладна; Махэк₂ (420) выводзіць з ostožiti (гл. астожжа) з пазнейшай кантамінацыяй з востры. Мейе (Études, 354). Праабражэнскі (1, 666–667), Фасмер (3, 166) (дзе гл. іншую літаратуру) звязваюць з *ostr‑. Суфікс ‑g‑ яшчэ ў вярыга і інш. Па Фасмеру першапачатковае значэнне ’вострае’, адкуль, можна вывесці і ’мыс’, і гару’, і інш. Аднак больш верагодна дапушчэнне Праабражэнскага пра тое, што першапачаткова размова ішла пра плот з вострымі коллямі. Гл. астрога. Тады чэш., славац. і рус. паралелі не трэба атаясамліваць з гэтым словам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)