Аціля́кавацца ’надта марудзіць, абыякава адносіцца да справы’ (Янк. Мат.), ацялякаваць, ацялякавацца ’марудзіць’ (КСП), ацілягавацца ’марудзіць, нядбайна адносіцца да працы’ (КЭС, лаг.), ацялягвацца ’рабіць нешта павольна’ (мядз., Цыхун, вусн. паведамл.), аціляка ’марудная, павольная ў справе асоба’ (міёр., Крыўко, вусн. паведамл.). Магчыма, запазычанне з літоўскай мовы, параўн. atsilìkti, atsiliẽkti ’адстаць, адставаць’, зваротны прыставачны дзеяслоў ад lìkti, liẽka ’аставацца, астацца’, крыніцай запазычання магла быць форма 3‑й ас. адз. л. atsiliẽka (адносна апошняй формы гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 209), параўн. аціляка, з пазнейшым расшырэннем адыменнай дзеяслоўнай асновы суфіксам ‑ва‑, параўн. прастарэка ’балбатун’ — прастарэкаваць ’гаварыць лухту, балбатаць’, варыянтнасць у корані слова тлумачыцца фанетычна: а замест і ў выніку прыпадабнення складоў, г замест к як вынік азванчэння ў інтэрвакальным становішчы, параўн. дыял. стага́н, ’шклянка’ і інш. У карысць такой версіі сведчаць і лінгвагеаграфічныя даныя, аднак яны не пярэчаць і іншай версіі: ацялякавацца ад целекаваты, у сваю чаргу ўтворанага ад вядомага з гаворак на беларуска-літоўскім паграніччы і паўночна-ўсходніх польскіх гаворак цяляк (cielak) цяля; дурнаваты, няразвіты хлопец’, раней таксама ’пастух цялят; гультай, разява’. Больш праблематычнай здаецца сувязь з полац. цюлёгаць ’квэцаць, рабіць абы-як’ (Садоўскі, вусн. паведамл.), польск. ciulać ’марудна і абы-як рабіць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)