МАРФАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

класіфікацыя моў свету, якая праводзіцца ў залежнасці ад граматычнага ладу мовы, пераважна марфалогіі; адзін з відаў тыпалагічнай класіфікацыі моў. Паводле М.к.м. вылучаюць 4 тыпы моў свету: коранеізаляваныя мовы (адсутнасць словазмянення, грамат. значнасць парадку слоў, слабое проціпастаўленне знамянальных і службовых слоў); аглюцінатыўныя мовы (грамат. адназначнасць афіксаў, адзіны тып скланення і спражэння, адсутнасць значных чаргаванняў); інкарпараваныя мовы (магчымасць уключэння ў склад дзеяслова-выказніка інш. членаў сказа, пераважна прамога дапаўнення); флектыўныя мовы (поліфункцыянальнасць грамат. марфем, наяўнасць фанетычна не абумоўленых змен кораня, вял. колькасць фанетычна і семантычна нематываваных тыпаў скланення і спражэння).

Многія мовы займаюць прамежкавае становішча на шкале М.к.м., сумяшчаюць у сабе прыкметы розных тыпаў. Напр., бел. мова адносіцца пераважна да флектыўнага тыпу, аднак у ёй сустракаюцца выпадкі. калі адносіны паміж словамі выражаюцца не столькі канчаткамі, колькі парадкам слоў (напр., «Маці любіць дзіця» — «Дзіця любіць маці»).

Літ.:

Кузнецов П.С. Морфологическая классификация языков. М., 1954;

Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕДО́НСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); афіц. мова Македоніі. Асн. дыялектныя групы: зах., усх., паўночная. У фанетыцы — 5 галосных і 26 зычных фанем, складовае «р», зычныя ј, ќ, ѓ, љ, њ мяккія, астатнія зычныя цвёрдыя; націск сілавы, фанетычна рухомы, не далей за 3-і склад ад канца слова. Грамат. ладу ўласцівы т.зв. балканізмы — шэраг структурных рыс, якія аб’ядноўваюць яе з інш. мовамі балканскага моўнага саюза (балг., алб., рум., навагрэч. і арамунскай): адсутнасць інфінітыва і іменных склонавых форм, аналітычны спосаб утварэння форм будучага часу і ступеняў параўнання. У М.м. ўжываецца трайны постпазіцыйны артыкль («човекот — човеков — човекон»), падваенне займеннікаў («го видов него» — «я бачыў яго»), рэпрыза імя («го видов човеков» — «я бачыў гэтага чалавека»). Зараджэнне слав. пісьменнасці ў Македоніі звязана з асветніцкай дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія, якія палажылі македонскі дыялект г. Салуні ў аснову стараслав. кніжнай мовы. У 10 ст. г. Охрыд стаў адным з цэнтраў пісьменнасці на стараслав. мове (т.зв. Охрыдская школа). З 16 ст. ў яе пранікаюць элементы нар. мовы. Літ. М.м. сфарміравалася ў сярэдзіне 1940-х г. на базе цэнтр. гаворак зах. дыялекту, блізкая да размоўнай. Графіка на аснове кірыліцы.

Літ.:

Ковалев Н.С. Македонский язык. Иваново, 1977.

Г.​А.​Цыхун.

т. 9, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)