Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Луч1 ’лепш’ < лу́ччы ’лепшы’ (Рам. 1, Нар. Гом., ТС), лу́ччай ’лепш’ (Жд. 1, Ян.), лу́чча ’тс’ (Ян.), лу́тчай ’тс’ (в.-дзв., Шатал.), луччэй ’тс’ (Растарг.), лу́ччы, луччэйшы ’лепшы’ (Бяльк., Растарг., Мат. Гом.; круп., Сл. ПЗБ), лу́чшы(й), лу́ччый ’тс’, ’правы бок матэрыі’ (шчуч., стол., даўг., Сл. ПЗБ), лу́ччай ’больш’ (Ян.). Укр. лу́чче, лу́ччий, рус. лу́чше, лу́чший, ст.-рус. лучии, ст.-слав. лоучии, лоучьши — першапачаткова азначала ’які найбольш падыходзіць’. Да лу́чыць (гл.).

Луч2, мн. лучэ́ ’прамень’ (гарад., Сл. ПЗБ; Яруш.). Укр. луч ’тс’, рус. луч ’тс’, ’лучына’, ’паходня’, ’агонь на носе лодкі’ (арханг., пск., урал.), ’агонь на краі гумна пры малацьбе’ (цвяр.), ’агонь у жыллі’ (арханг.), ’колер’, луча́ ’лучына’ (цвяр.), ’прамень’ (вяц.); польск. łuczywo, н.-луж. łucywo, в.-луж. łučwo, łučiwo, чэш. louč, славац. lúč ’лучына’, lúče ’прамяні’, славен. lúč ’святло’, ст.-славен. ’свечка’, долен. ’лучына’, серб.-харв. лу̑ч ’лучына’, ’паходня’, ’сасна’, лу̏ча ’прамень’, макед. лач, балг. луч, луча ’тс’, ’зара’, ц.-слав. лучь ’святло, бляск’, лоуча ’прамень’. Прасл. lučь < *lou̯k‑is, luča < *lou̯ki̯a < і.-е. *leuk‑ ’свяціць’ (параўн. ст.-прус. luckis ’палена’, літ. laũkas ’жывёла — Лыска або Зорка’, ’поле’ — аналагічна славен. svet ’поле’; ст.-інд. loká‑ ’прастор, святло’, rōkás ’святло’, rōciṣ ’бляск’, авест. raōčah‑ ’святло’, ст.-грэч. λευκός ’светлы, бліскучы’, λύχνος ’зара’, лац. lūx ’святло’, lūcus ’святы гай’, lucerna ’лятарня’, ірл. lóche ’маланка’, гоц. liuhaþ ’святло’, ст.-в.-ням. lōh ’прасека’, ст.-ісл. log ’полымя, святло’ (Фасмер, 2, 537; Скок, 2, 323–324; Бязлай, 2, 154; БЕР, 3, 529–530; Шустэр–Шэўц, 11, 784–785).

Луч3 ’пучок лучыны, вязка карчоў, якія паляць у сетцы на носе лодкі, калі колюць рыбу васцямі ноччу’ (полац., З нар. сл.), рус. арханг., пск., урал. луч ’агонь на носе лодкі’; параўн. таксама паўн. ст.-рус. лучити ’лавіць рыбу з падсвечваннем на спецыяльным прыстасаванні на носе лодкі’ (XVII ст.). Да луч2 (гл.).

Лучаі́на ’лагчына’ (лунін., Шатал.). Узнікла ў выніку кантамінацыі лексем лука і лагчаіна (гл.). Аб суфіксе ‑іна гл. Сцяцко (Афікс. наз., 155–156).

Луча́й дзірка ў верхнім камені жорнаў для засыпкі збожжа’ (свісл., Шатал., Сл. ПЗБ). Гл. веча́й ’тс’. Аб пратэтычным л‑ гл. Лучыц-Федарэц, Тыпалогія слав. моў і ўзаемадз. слав. літаратур // Тэзісы III Рэсп. канф. Мн., 1977, 198–200.

Лу́чай ’зараснік рагозу, Typha L.’ (жытк., стол., Яшк.), лу́чай, лу́чэй ’рагознік вузкалісты, Typha angustifolia L.’ (ТС). Ст.-польск. łącz ’гатунак асакі, Carex L.’, ст.-чэш. luč ’нейкая расліна’, славен. lọ̑č ’сіт, Juncus L.’, lǫ̑ček ’асака’, locje ’рагоз’, ст.-рус. лучие ’збожжавыя’, ц.-слав. лѫчиѥ ’асака’. Прасл. lǫčь (< lękti ’гнуць, выгінаць’, lǫčiti > лучы́ць), якому адпавядаюць лат. lùocis ’выгнутасць, загіб, закрут ракі’ (Слаўскі, 5, 74). Аб суф. ‑ай, ‑эй < ‑ějь гл. Слаўскі (SP, 1, 86–87).

Луча́к ’радыус’ (Дуж-Душ.). Новатвор 20‑х гадоў XX ст. Да луча́ць1 (гл.).

Луча́ць1 ’яднаць, злучаць, з’ядноўваць’, славін. łąčac ’тс’. У іншых слав. мовах толькі ў прэфіксальных варыянтах. Да прасл. lǫčati — ітэратыў да lǫčiti > лучы́ць1 (гл.).

Луча́ць2 ’трапляць у цэль, падладжвацца’ (Гарэц., ТСБМ, Янк. 2, Дразд., Нас. Сб., Юрч. Фраз. 3, Касп.; мсцісл., дзісн., КЭС), ’цэліцца, прыцэльвацца’ (ТС), ’намервацца’ (Сцяшк. Сл.), паст. ’штурхаць нагой’, лаг. ’улоўліваць’ (Сл. ПЗБ), луча́ці ’страляць з лука’ (Ян.), луча́цца ’трапляцца, здарацца, мець месца’ (Нас., Шат.; КЭС, лаг.), ’сватацца’ (віл., Сл. ПЗБ), лу́чна ’трапна, у цэль’, лу́чны ’трапны’, ’шчаслівы, удачлівы’ (Нас.). Да лу́чыць (гл.).

Лу́чка1 ’каляровая фабрычная пража з воўны’ (Уладз.), гродз. ’адзін з відаў посцілкі’ (Мат. АС), лу́чкі ’ніткі’ (мяккія, сучоныя, з воўны) (Ян.), ’мяккія і бліскучыя крамныя ніткі’ (КЭС, лаг.), ’баваўняныя ніткі’, в.-дзв., швянч. ’мулінэ’ (Сл. ПЗБ), лучковы, лычковы ’баваўняны’ (лід., пін., там жа), лучковы ’вытканы з нітак’ (Ян.). З польск. włóczka (зах. і паўн.) ’грубая баваўняная пража’, малапольск. ’спецыяльная чырвоная бавоўна на палоскі’, маз., падляш. ’пража з воўны’, włóczysty ’які мае добрае валакно’. Да валачы́ (гл.).

Лучкі́ ’выгнутыя дугою тоўстыя пруты, замацаваныя адным канцом за верх ручкі воза, другім — у біле драбіны’ (Маслен.), ’частка ярма (з маладзенькага дуба), выгнутая дугою’ (Дзміт.), ’прыстасаванне з прутоў, якое служыць для замацавання вашчын у вуллях-калодах’ (Анох., ТС). Да лучок1, лук1 (гл.).

Лучковы ў выразе лучко́ва борона́ ’драўляная барана з дужкай наперадзе’ (ТС). Да лук1 (гл.).

Лу́чнік ’воін, узброены лукам’ (ТСБМ). Да лук1 (гл.).

Лучні́к1, лу́чнік, лу́шнік ’прыстасаванне для асвятлення хаты лучынай’ (Эр. 8, Некр., Пятк., Шат., Янк. 1, Ян., Сцяшк., Бір. дыс., ТСБМ, Мат. Гом., Сл. ПЗБ; лун., Шатал.), ’прылада для асвятлення такоў, корчмаў’ (КЭС, лаг.; глус., КЭС). Укр. лучни́к, рус. паўн. лучни́к, польск. łucznica ’паходня’. Узнікла шляхам скарачэння лексемы лучы́ннік ’тс’ (чэрв., Сл. ПЗБ), якая з лучы́на (гл.). У выніку пераносу значэння (звязанага з пасіўнасцю лучніка) з’явілася лу́чнік ’гультай’ (петрык., Мат. Гом.). Да луч2 (гл.).

Лучнік2 ’частка млына’ (мін., в. Сляпянка, КЭС). З-за не-дахопу інфармацыі дакладна нельга аднесці да адпаведнага зыходнага слова. Відавочна, да лучы́ць1 (гл.).

Лучны́ ’які расце на луцэ’ (віл., Сл. ПЗБ). Да лука́ (гл.).