Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Луг1, лужок ’сенажаць, пераважна заліўная, пакрытая шматгадовай травой’, ’забалочанае месца, парослае хмызняком і дрэвамі, поплаў’ (Нас., Яруш., ТСБМ, Зеньк., Бес., Бяльк., Клім., Сцяшк., Касп., ТС, лях., Янк. Мат.), ’балоцістая сенажаць’ (Сл. ПЗБ), луог ’лагчына’ (Сержп., Грам.); ’сухадольны лог’ (мазыр., пух., слаўг., шчуч., Яшк.), ’лес, лісцевы лес на абалоні’, ’лес на нізкім месцы, парослы травой’ (Зеньк., Шн., Бяс.; жытк., Талстой), ’алешнік у нізіне’ (Сержп. Грам.), лужок ’некалькі дрэўцаў у лагчыне сярод поля’ (Прышч., дыс.), лужэйка ’поплаў, лужок’ (калінк., Сл. ПЗБ). Укр. луг ’лес у нізіне’, ’сенажаць, луг, парослы травой і кустамі’; рус. луг ’заліўная сенажаць, лясістая абалона’, ’забалочаная нізіна, паша’, ст.-рус. лугъ ’лес, дуброва’, ’балота’, ’заліўная сенажаць’, ’нізіна, нізкі бераг, пакрыты травою, кустамі, трыснягом’, ’лес, дуброва, лесастэп’; польск. ląg, łęgi ’забалочаны (у даліне ракі) луг, парослы кустамі’, ’лес, поле на такіх лугах’, ’роўнае поле, нізіна’, н.-луж. ług ’забалочаная даліна’, ’мокры луг’, чэш. luh ’лес над ракой’, ’луг’, ст.-чэш. ’лес, гай’, ’луг у лесе’, ’даліна’, славац. luh ’лес над вадой’, ’высокі лес на мокрай глебе’, славен. lǫ̂g ’нізкі лес’, ’луг над вадой з рэдкімі дрэвамі’, серб.-харв. лу̑г ’лес, гай’, ’чарот’, макед., балг. лаг, лак, лък, лъг, лъгъ́т ’нізіна, абалона’, ’луг, сенажаць’, ’лясок на мокрым лузе’, ’яр, парослы густым лесам’, ’раўніна ля ракі’, ’гай, дуброва’, ’лес уздоўж ракі’, ’ручэй з парослымі лесам берагамі’, ’нізкае месца на лузе’, ’лес з вялікіх дрэў’, тырнаўск. луг ’паляна, паша’, ’клін паміж дзвюма рэкамі’, ст.-слав. лѫгъ ’гай, малы лес’. Прасл. lǫgъ ’лука, балонь, нізкі лес на поплаве, багна’ (параўн. яшчэ каш. lëgnoc są ’пакрывіцца на дажджы і сонцы’, lëgti ’нізінны’, legńica ’яма’, lëga ’нізіна’, рус. сіб. ла́га ’вільготнае месца ў зарасніках’, ’яма з вадой, лужа’), і.-е. адпаведнікам да якога з’яўляецца літ. léngė ’поле, луг у нізіне і інш.’ Узыходзіць да і.-е. *leng‑ ’згінаць’, сіноніма да блізкага *lenk‑ > лука́ (Слаўскі, 5, 79–82; Фасмер, 2, 527; Махэк₂, 343; Скок, 2, 327; Бязлай, 2, 147–148; БЕР, 3, 336–537).

Луг2 ’нізкае месца, лужа з вадой’, ’невялікі вадаём у полі ці ў лесе, які часам перасыхае ўлетку’ (Федар. I, Федар. 2, Яшк., ТС, Сл. ПЗБ), лужок ’азярцо сярод лугу, натуральны вадаём’, ’невялікая балаціна, дзе не высыхае вада’ (ТСБМ, Сл. Брэс., Сл. ПЗБ; слуц., КЭС; Бір. дыс.). Ст.-польск. ług ’багна, дрыгва’, славінск. łuk, каш. ług ’тс’, ług ’лужок сярод поля’, палаб. lai̯g ’луг, паша’, н.-луж. ług ’дрыгва, якая зімою пакрываецца вадой, а летам высыхае, і там расце трава’, в.-луж. łuk ’дрыгва’. Прасл. паўн.-зах. lugъ ’балота, дрыгва’. І.‑е. адпаведнікі: літ. liū̃gas ’дрыгва, лужа’, lū́gos, lū̃gas ’глыбокае месца, напоўненае вадой’, ’балота’, ’дрыгва’, ’ставок’, ’яма на дне ракі’, ілір. lugas/luga ’дрыгва’ > алб. lëgatë ’лужа, балота’ (Слаўскі, 5, 298–299). У сучасных слав. мовах і дыялектах семантыка луг1 і луг2 часта змешваецца.

Луг3, малар. луз ’шчолак з попелу, залітага варам’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сержп. Грам., Бір. дыс., Клім., Сцяшк., Уладз., Бяльк., Шат., Касп., ТС; зэльв., Сцяц. Словаўтв.; лях., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.; КЭС, лаг.). Укр. луг, рус. смал., кур. луг ’тс’, луга ’раствор галына’, польск. ług ’луг’, каш. lug (lëgu) ’луг, мыла, змыліны’, палаб. lau̯g ’луг, шчолак’, н.-луж. ług ’тс’, в.-луж. łuh ’пратрава, дубільнік’; чэш. louh, ст.-чэш. lúh ’луг’, ’мача’, славац. lúh ’брудная вада пасля мыцця’, ’раствор, у якім апрацоўваюцца маткі пражы’, славен. lúg, lùg ’луг’, серб.-харв. лу̑г ’тс’, ’попел’, чак. (з XV–XVII стст.) luga ’тс’, макед. луга ’луг’, балг. луга́, лу́га, лугя ’луг’, ’асадак, які застаецца, калі вараць мыла’. Прасл. lugъ/luga ’луг як мыючы і адбельваючы сродак’ (Машынкі, Kultura Sl., 1, 616). Мартынаў (Лекс. взаим., 166–168) не выключае запазычанне з прасл. у прагерм. (laugō), у чым сумняваецца Слаўскі (5, 296–298), паводле якога прасл. lugъ — запазычанне са ст.-в.-ням. louga (с.-в.-ням. louge, суч. ням. Lauge ’луг’), luhhen ’мыць’ < і.-е. *lou‑/*louə ’мыць’ (параўн. ст.-грэч. λούω ’мыюся’, лац. lavō, lavāre ’тс’, ’купацца’, арм. loganam ’купаюся’, хецк. lah(h)u‑ ’ліць’. Гэтак жа БЕР, 3, 485; Скок, 2, 326; Бязлай, 2, 155. Бернекер (744), Брукнер (314), Фасмер (2, 527–528), а таксама Курыловіч (Przegląd Zach., 1951, 5/6, 201–202) меркавалі, што lugъ з’яўляецца запазычаннем з с.-в.-ням. louge або нават з ням. Lauge. Слаўскі (5, 297) указвае на польск. мову як пасрэднік для ўзнікнення бел. і ўсх.-слав. луг, а Фасмер (2, 527) — польск. і чэш. мовы.

Лугава́тка ’прадаўгаваты вузкі сухадольны луг’ (Юрч.) — адпрыметнікавае ўтварэнне з фармантам ‑атк‑а (Сцяцко, Афікс. наз., 149). Да лугі.

Лугава́ць ’адбельваць пражу’ (Інстр. 2), ’адбельваць на лузе’ (Сцяшк. Сл.), луговаць ’выбельваць лугам’ (ТС), лугова́ты ’парыць палатно ці пражу ў шчолаку’ (Уладз., Сл. Брэс.). Укр. вилуго́вувати, польск., ługować, н.-луж. ługowaś, в.-луж. łukować, чэш. louhovati, славац. lúhovať. Адназоўнікавае ўтварэнне пры дапамозе суфікса ‑ova‑ti (Слаўскі, 6, 300; Слаўскі, SP, 1, 48). Да луг3 (гл.).

Лугаві́к ’грыб апенька’ (навагр., Сцяшк.), ’апенька лугавая, Marasmius oreades Fr.’ Названы паводле месца, дзе грыб сустракаецца (параўн. яшчэ кам. бырэзовы, ольховы опэнькы, маст. падарожнікі, драг. пудорожныкь (Жыв. сл.). Сюды ж, відаць, можна аднесці і балг. лугачка ’шампіньён звычайны, Agaricus campestris’.

Лугаві́на ’невялікі луг, палоска лугу сярод ніў’, ’сенажаць’ (полац., Нар. лекс.; слаўг., Яшк.), гарад. луговіна ’тс’ (Сл. ПЗБ). Да луг1 (гл.). Паводле Слаўскага (5, 301), усх.-слав. лугаві́на, луго́вина і лугови́на ўзыходзяць да прасл. lǫgovina < lǫgъ, а польск. ługowina ’балота, дрыгва’ — да прасл. lugovina < lugъ (гл. луг2).

Лугаві́шча ’логава свіней, ямка, якую нагарнулі куры’ (паст., Сл. ПЗБ). Да лагаві́шча, логава (гл.). Аб пераходзе а > у гл. Карскі (1, 112–113).

Лугавы ’дух-гаспадар у полі’ (Інстр. 2). Да прыметніка лугавы́ < луг1 (гл.).

Луга́ць ’браць на повад’ (мазыр., З нар. сл.). Да лыга́ць (гл.). Параўн. таксама налы́гач.

Лугну́ць ’выпіць залпам’ (ТС). Ад ⁺лыгнуць, якое з лыкну́ць < лы́каць (гл.), ’піць шумнымі глыткамі’ (ТСБМ). У палес. формы г замест к пад уплывам укр. мовы.

Лугові́ца1 ’вада на сенажаці’ (Федар., Дад.). Да луг2 (гл.). Суфікс ‑іца надае лакальнае значэнне (як круглі́ца, махаві́ца, лясні́ца — гл. Сцяцко, Афікс. наз., 110).

Луговіца2 ’пара касьбы’ (стаўб., З нар. сл.). Да луг1 (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 138–139). Аналагічна драг. косовэ́ца ’тс’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.); параўн. таксама докш., паст. пі́льніца ’час уборкі ураджаю’ (Сл. ПЗБ).