Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

*Лу́сіць, лу́сіть ’трашчаць’ (Растарг.) — другаснае ўтварэнне з лу́снуць ’трэснуць, лопнуць’, якое з прасл. lus(k)nǫti. Не выключана магчымасць утварэння з выклічніка лусь! (гл.).

Луска́, лузка́, лусга́, луцка́ ’слаістае покрыва чаго-небудзь’, ’луска рыб і гадаў’, ’перхаць, лускавіны на скуры жывёлы’, ’смецце ў збожжы’, ’высеўкі’, ’лупіна, вонкавая абалонка плода, стручка’, ’шалупайка ад яйка’, ’луска цыбулі’ (Нас., Гарэц., Бес., Мядзв., Шат., Касп., Мат. Гом., Бяльк., Вешт., ТСБМ, ТС, Растарг., Янк. 1, Сл. ПЗБ; Д.-З., Пін.; барыс., Шн. 3; КЭС, лаг.). Укр. луска́, лемк. лу́ски ’стручок’; рус. луска́, ст.-рус. луска ’луска’; польск. łuska, в.-луж. łuska, чэш. luska, мар. łuska, славен. lȗska, серб.-харв. лу̏ска, лјȕska, ст.-балг. луска. Прасл. luska ’знешняе покрыва пладоў, насення, яек, рыб, гадаў’. Да і.-е. *leu‑sk‑ (і.-е. адпаведнікі: лат. laûska ’асколак, чарапок, трэска, нешта зламанае, патоўчанае’, laûskas ’перхаць’, ’шалупінне’, літ. luskà ’лахман’, lusnà ’лупіна, луска’ (Слаўскі, 5, 348–352), а таксама, відаць, асец. lyskʼ, liskʼæ ’гніда’ (Абаеў, 2, 56). Параўн. лузга́ і луза́ць (гл.). Сюды ж лу́сачка, лускаві́нне ’асобная пласцінка лускі’, лускава́ты ’пакрыты луской’ (ТСБМ).

Лускаві́ца ’смалёўка, ляскаўка, Silene cucubalus Wib’. (брэсц., Кіс.), лускаўка ’тс’, ’Silene inflata’ (Кіс., Бел. зельн.). Да лускаць 2 (гл.). Названа паводле нібы надзьмутага падвяночка, які, калі націснуць на яго, гучна трэскаецца’ (Махэк, Jména, 79), параўн. чэш. praskavec (< praskati = ’трэскацца’), польск. trzaskawka ’тс’. Гл. таксама луснец.

Лускаві́цінь ’мяшок, у якім адцэджваюць тварог’ (Бяльк.), рус. бран. лускави́тень ’тс’. З пчалярскай лексікі: гл. васкавень. Відавочна, спачатку было ⁺васкавіт ’мяшок, які робіць воск’, але таму, што ва ўсх.-бел. гаворках дэрываты з суфіксам ‑іт азначаюць асоб па іх занятку (барацьбі́т, сяўбі́т), да васкавіт быў далучаны суфікс ‑ень (як берасцень ’збанок, гаршчок, аплеценыя бяростай’). Пры ад’ідэацыі лексемы луска ’адходы’ в‑ было заменена ў л‑.

Лускане́ц ’спелы арэх’ (Юрч., карэліц., Сцяшк. Сл.). Да лузга́н, лузгане́ц (гл.).

Луска́р ’лапата’ (Касп.), рус. тамб. луска́рь ’тс’, арханг. лыскорь, пск. ласка́рь ’рыдлёўка’, ст.-рус. лыскарь ’кірка’, ’рыдлёўка’. Фасмер (2, 541) не згаджаецца з Меліяранскім (ИОРЯС, 10, 4, 124), які выводзіць з цюрк. моў (параўн. казах. lesker, крым.-тат. ülüskär ’матыка’). Куркіна (Этимология–72, 68–73) дадае сюды яшчэ серб.-харв. lizgar, lizgára ’жалязняк’, макед. лизгар ’тс’, якія працягваюць гняздо lyzgati/lyskati ’біць, удараць’ (г. зн. тыпалагічна падобную групу з коранем luzg‑/lyzg‑/lusk‑/lysk‑/lusp‑).

Лу́скат ’трэск, лусканне’ (ТСБМ), укр. лускіт, польск. łuskot, чэш. luskot. Прасл. паўн. luskotъ — nomen actionis (> nomen acti) ад дзеяслова luskati (Слаўскі, 5, 358–359) > лу́скаць. Сюды ж лускатня́ ’трасканіна’ (хойн., Мат. Гом.).

Лу́скаць 1, лу́скыць, луска́ць, лу́скатэ ’лушчыць, раскусваць, разгрызаць, есці з хрустам’ (ТСБМ, Растарг., Юрч.; віл., докш., кам., драг., Сл. ПЗБ). Укр. лу́скати, рус. пск., смал., варон., дан. лу́скать, польск. łuskać, в.-луж. łuskać (worjechi), чэш. louskati, luskať, славац. lúskať, славен. lúskati, серб.-харв. љу̏скати (се), luskati (beči), балг. люскам. Прасл. luskati, утворанае ад luska > луска́ (гл.). Слаўскі (5, 353) лічыць малаімаверным вывядзенне прасл. luskati з lup‑skati (першаснага інтэнсіва на ‑sk‑), як мяркуе Махэк (ZfslPh, 29, 353–354).

Лу́скаць 2, лу́скыць, лу́скаць ’патрэскваць, ламаючы што-небудзь сухое’, ’хрусцець (аб пальцах)’, ’трэскаць, лопаць’ (ТСБМ; ваўк., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), (перан., іран.) ’забіваць, знішчаць’, ’піць, выпіваць’ (Юрч.), лу́снуць ’лопнуць, трэснуць’ (ТСБМ, Растарг., Сцяшк., ТС). Укр. лу́скати ’лопацца з трэскам’, ’удараць’, біць крыламі’, рус. лу́скать: пск., цвяр. ’біць’, ’шчоўкаць’, пск. ’лапатаць, балбатаць’, лу́снуть: кур. ’лопнуць’, наўг., пск., цвяр., калін. ’ударыць, стукнуць’, лу́снуцца ’ударыцца аб зямлю’; польск. łuskać ’злёгку патрэскваць’, ’шмат піць’, каш. nalëskac są ’налопацца, наесціся’, в.-луж. łuskać ’лопацца, патрэсваючы’, чэш. luskati ’шчоўкаць пальцамі’, louskati ’выдаваць трэск’, łuskač ’біць вошы’, славац. lúskať пстрыкаць, трашчаць’; славен. lúskati ’біць; бразгаць дзвярыма, ляскаць бічом’, серб.-харв. љу̏скати ’лупіць мячом’, ljuskati ’лапатаць, пляткарыць’, балг. люскам ’удараю, пляскаю; жлукчу, п’ю’, пірдопск. лускам ’б’ю, катую’. Прасл. luskati, якое ад lusъ!, luskъ! (Слаўскі, 5, 353–355; гэтак жа і Бязлай, 2, 157). Махэк₂ (344–345) лічыць luskati інтэнсівам, утвораным ад lupati. Аўтары БЕР (3, 581) мяркуюць, што лускаць 1 і лускаць 2 маюць адно і тое ж паходжанне (да luska).

Лускерка ’рыба гусцяра, Blicca bjoerkna L.’ (Зах. Дзвіна; віц., Нік. Очерки), укр. луски́рь ’рыба’, рус. ласкы́рь, лыска́рь ’рыба Abramis blicca; Abramis vimba’, паводле Фасмера (2, 462), звязаны з лыска́рь (бел. луска́р) ’рыдлёўка’, таму што нос у гэтай рыбы выступае наперад; аналагічна новав.-ням. Näsling, Meernase (дзе Nase ’нос’).

Луснец ’смалёўка, ляскаўка, Silene cucubalus Wib.’ (віц., Кіс.; Бел. зельн.). Славен. lûsnec ’таемнік лускаваты, Lathraea squamaria L.’ Да лу́снуць (< лу́скаць 2). Аб суфіксе ‑ец гл. Сцяцко (Афікс. наз., 39–40). Гл. таксама лускавіца.