Лу́чнік ’воін, узброены лукам’ (ТСБМ). Да лук 1 (гл.).
Лучні́к 1, лу́чнік, лу́шнік ’прыстасаванне для асвятлення хаты лучынай’ (Эр. 8, Некр., Пятк., Шат., Янк. 1, Ян., Сцяшк., Бір. дыс., ТСБМ, Мат. Гом., Сл. ПЗБ; лун., Шатал.), ’прылада для асвятлення такоў, корчмаў’ (КЭС, лаг.; глус., КЭС). Укр. лучни́к, рус. паўн. лучни́к, польск. łucznica ’паходня’. Узнікла шляхам скарачэння лексемы лучы́ннік ’тс’ (чэрв., Сл. ПЗБ), якая з лучы́на (гл.). У выніку пераносу значэння (звязанага з пасіўнасцю лучніка) з’явілася лу́чнік ’гультай’ (петрык., Мат. Гом.). Да луч 2 (гл.).
Лучнік 2 ’частка млына’ (мін., в. Сляпянка, КЭС). З-за не-дахопу інфармацыі дакладна нельга аднесці да адпаведнага зыходнага слова. Відавочна, да лучы́ць 1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)