Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ке́мель ’шляпа, шапка’ (Рам.), камёла < польск. арг. kanioła.

Ке́міць ’разумець, разбірацца, цяміць’ (ТСБМ, Шат., ТС, КЭС, лаг., Гарэц., Бір.). Укр. кемити ’тс’. Фанетычны крытэрый дазваляе меркаваць аб лексічным пранікненні з польскай, хаця непасрэднай крыніцы мы не знаходзім. ЕСУМ, 2, 422 тлумачыць гэта наступным чынам. Прасл. kъm‑ (укр. кмітливий, прикмета) дало польск. kiem‑, на аснове якога ўзнікла невядомая нам польская лексема як крыніца беларускіх і ўкраінскіх слоў. Гэтыя разважанні здаюцца даволі праблематычнымі, паколькі нам невядомае польск. *kiemić, а таксама яго дэрываты (*kiemny, *kiemliwy). Аўтары ЕСУМ хацелі б бачыць у якасці зыходнай лексемы прасл. kъmetь, у якім, апрача значэнняў ’селянін’ і ’гаспадар’, існуюць значэнні ’галава роду, старшыня, мудрэц, хітры і спрытны чалавек’, прычым апошнія значэнні мы сустракаем ва ўсіх трох групах славянскіх моў (гл. кмець). Калі ўтварыць ад прасл. kъmetь дзеяслоў, атрымаецца kъmetiti (як gostiti < gostъ), якое ў выніку гаплалогіі магло пераўтварыцца ў *kъmeti або *kъměti. Першае на польскай моўнай глебе дало б *kiemić (resp. *kmić). Параўн. польск. kpić і каш. kʼepic (ад kiep).

Ке́мкі ’здагадлівы’ (Шат., КЭС, лаг., Жд. 3, Гарэц.). Гл. кеміць.

Ке́млівы ’здагадлівы, цямкі’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.). Гл. кеміць.

Ке́мнуць ’заснуць’ (Сцяшк. Сл.). Гл. Змарыць. Рус. кимать ’спаць’. Польск. kimać ’тс’, якое разглядаецца як запазычанне з рускай, паколькі першакрыніца адносіцца да так званай мовы афеняў, якая лакалізуецца ў цэнтральнарускім рэгіёне. Афеньск. кимать узыходзіць да н.-грэч. κοιμούμαι ’спаць’ (Фасмер, Этюды, 87). Этымалогія гэтага слова чамусьці не трапіла ў Этымалагічны слоўнік Фасмера. Іншыя этымалогіі ненадзейныя. Параўн. Бандалетаў, Этимология–1980, 69.

Ке́мны ’кемлівы’ (ТСБМ, КЭС, лаг., Гарэц.). Гл. кеміць.