Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ке́ўбух ’страўнік з начынкай’ (Мат. Гом.). Параўн. келбухі (гл.), каўбух (гл.).

Ке́ўзацца ’мазацца’ — «ходзяць свіне да ў аўжах кеўзаюцца» (Сержп.). Гл. кеўзаць.

Ке́ўзаць ’пэцкаць, брудзіць, мазаць’ (Шат., Сл. паўн.-зах.), ’мыць’ (ТС). З літ. kiaũzoti ’мазаць, пэцкаць’ (Сл. паўн.-зах., 458; Лаўчутэ, Балтизмы, 113).

Кеўк ’гукапераймальнае, пра курэй’ (ЭШ, рук.). Гл. кеўкаць.

Ке́ўкаць ’крычаць тонкім голасам’ (Федар.), ’мяўкаць’ (Жыв. сл., Нар. лекс.), ’ледзьве існаваць, дыхаць’, ’глытаць так, каб было чуваць’ (Нар. словатв.). Гукапераймальнае слова. Мабыць, лексічнае пранікненне з балт. моў. Параўн. літ. kiáukė ’галка’, kiaukšė́ti, kiauksė́ti ’крычаць (пра галку), вішчаць (пра шчанюкоў)’, kaũkti ’выць, вішчаць’, kaũka ’крыкун, плаксун’. Спрадвечна роднасныя да гэтых літоўскіх слоў: серб.-харв. ку̏кати ’плакаць, стагнаць’ і інш.

Ке́ўкнуць1 ’піснуць (пра ката)’ (Нар. лекс.). Гл. кеўкаць.

Ке́ўкнуць2 ’здохнуць, памерці’ (Жыв. сл., Нар. словатв.). Укр. кикнути ’тс’. Паняцце «пагібелі» звязваецца з паняццем «гнутага». Параўн. гінуць і гнуць. Гэта дае падставу выводзіць бел. і ўкр. дзеясловы ад прасл. kyka, літ. kùkis ’гак’ і інш. (ЕСУМ, 2, 431). Параўн. таксама звонкі варыянт гегнуць (гл.).

Ке́ўлець ’слабець’ (Сцяшк. Сл., З нар. сл.). Гл. кеўліцца, кеўляць.

Ке́ўліцца ’тлець’ (Шатал.). Гл. кеўляць, кеўлець.

Ке́ўляць ’ледзь жыць, ледзь дыхаць, вельмі нядужаць’ (Янк. I, Мат. Гом.), ’есці без апетыту’ (З нар. сл.). Гл. кеўлець. Лаўчутэ (Балтизмы, 113) разглядае слова як балтызм. Пры гэтым яна спасылаецца на такія літоўскія прыклады, як kiáulioti ’гадзіць, паскудзіць, швэндацца’, kiáuliotis ’свінячыць, бадзяцца’, якія паходзяць ад kiãule ’свіння’. Трэба адзначыць, што прыведзеныя прыклады семантычна не адпавядаюць беларускім словам, для якіх дамінантным значэннем было б ’нядужаць, слабець’. Можна, аднак, маючы на ўвазе ў аналагічных выпадках невядомую ўсходнебалтыйскую крыніцу, дапусціць наступныя семантычныя пераходы: ’швэндацца, бадзяцца’ > ’марудна рухацца’ > ’слабець, нядужаць’.

Ке́ўцаць ’пэцкаць’ (Мат. Гом.). Да квецаць (гл.). Кантамінацыя з кеўзаць (гл.).