Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Зна́йда, знайду́к ’падкідыш’ (Сл. паўн.-зах.), ’той, што знаходзіць ці кажа, што знаходзіць’ (Нас.), укр. зна́йда ’падкідыш’, польск. znajda ’тс’. Ад дзеяслова знайсці, знайду (з + найсці, гл. найсці) без суфікса ці з суфіксам ‑ук.

Знак ’умоўнае абазначэнне’. Рус., укр., балг. макед. знак, польск., чэш., славац. znak, славен., серб.-харв. znâk. Ц.-слав., ст.-рус. знакъ. Прасл. zna‑kъ ад кораня zna‑ з суф. ‑kъ (як гук і г. д.). Гл. знаць.

Знаць ’ведаць’. Рус. знать, укр. зна́ти, польск., в.-луж. znać, н.-луж. znaś, палаб. znot, чэш. znáti, славац. znať, славен. znáti, серб.-харв. зна̏ти, балг. зна̀я, знам, макед. знае. Ст.-слав., ст.-рус. знати ’ведаць’. Прасл. zna‑ti < і.-е. *gʼen‑, *gʼno‑ ’ведаць’: літ. žinóti, лат. zinât ’ведаць’, ст.-прус. po‑sinna ’пазнаю’, ням. kennen ’ведаць’, лац. co‑gnosco ’пазнаю’, ст.-інд. jānȃmi ’ведаю’, грэч. γιγνώσκω ’пазнаю’ і інш. Фасмер, 2, 100–101; Махэк₂, 717; БЕР, 1, 650; Траўтман, 371; Покарны, 1, 376. І.‑е. *gʼen‑ ’ведаць’ ад і.-е. *gʼen‑ ’нараджаць’ праз значэнні ’нараджацца, быць родзічам’ > ’ведаць чалавека’ Трубачоў, История, 154–157; Шанскі, 2, З, 101; іншы ход той жа сувязі: праз ’нараджаць’ > ’прымаць’ > ’даведвацца’ (Скок, 3, 658–659). Гл. яшчэ зяць.