Найсці́, найці́ ’найсці’, ’знайсці’, ’нарадзіць’ (Бяльк., Яруш., Кліх, Пятк., Сл. ПЗБ, ТС), найсці́ся, найці́цца ’знайсціся’, ’нарадзіцца’ (Жд. 1, Сцяшк. Сл., Мат. Гом., Юрч., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. рус. найти́, укр. найти́, польск. najść, чэш. najít, славац. nájsť, в.-луж. nańć, nadeńc, н.-луж. najś, славен. nájti, серб.-харв. наћи, балг. на́йда, макед. найде, што дае падставы для рэканструкцыі *na‑iti (гл. ісці), звычайна са значэннем ’найсці, напасці, натрапіць’ і ’знайсці’ (параўн. Копечны, Zákl. zásoba, 65). Значэнне ’нарадзіць’, ’нарадзіцца’, якое адлюстроўвае эўфемізм, што мае засцерагальную (ахоўную) функцыю (паводле Машыннага, «ma na celu wprowadzenie w błąd złych mocy», Kultura, II, 1, 277), таксама вядома большасці славянскім мовам, параўн. рус. найти сына і прынятыя формулы, што «тлумачаць» дзецям іх з’яўленне: найти в крапиве, найти за углом, серб.-харв. нашло се дијете (Вук) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)