Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ацу́пак ’абрубак, палена; маларослы таўсцячок, целяпень’ (Грыг.), ’таўсцячок’ (Нас.), ацопак ’цяльпук’ (Ян.), укр. оцупок, оцупалок ’абрубак, бервяно, палена’, рус. дан. оцупок ’абрубак, калода’, польск. ocupek ’невялікі кавалак дрэва або чаго іншага, тоўсты і плоскі або круглы; чалавек такой формы’ (з украінскай). Ад гукапераймальнага цуп або цоп, што перадаюць рэзкае падзенне або раптоўны ўдар; да семантыкі параўн. целяпе́нь ’круглы абрубак; непаваротлівы, няспрытны чалавек’ ад гукапераймальнага цялеп//цялёп, што адлюстроўвае падзенне, матлянне.

*Ацупе́ць, оцупе́ць, оцу́пнуць ’ахаладаць; змерзнуць, стаць цвёрдым (ад холаду)’ (КСТ), оцуплы перан. ’мёртвы (пра чалавека)’ (там жа), укр. оцу́пити ’зацвярдзець’. Да цупкі ’цвёрды’ або цупаць, цупнуць ’ахапіць’, параўн. схапіцца застыць’ (пра што-небудзь вадкае).

Ацура́цца ’адмовіцца, адрачыся’ (Бяльк., Ян.), оцура́цца ’тс’ (КСТ). Ад цур, цура́цца (гл.).