Афэ́рдала ’замораны, худы конь’, ’апушчаны, забіты чалавек’ (шарк., Цыхун, вусн. паведамл.). З яўр. (ідыш) a férdele ’конік’. Гл. таксама іншыя формы з няясным значэннем: фэрдала, нафэрдала (астрав., Жарт. песні, Мн., 1974, 611), якія могуць сведчыць у карысць сувязі з дыял. фэйдаць, фэндаць ’абрабляць, паскудзіць’, польск. faidać ’тс’; параўн. таксама бала дыял. офрден ’зношаны, стары’, у аснове якіх ляжыць, магчыма, супольнае запазычанне з невядомай крыніцы.
Афэ́рма, ахвэ́рма, ахэ́рма ’неахайная жанчына, апушчаны чалавек’ (Цых.), оферма, офэрма (КСТ), укр. оферма, воферма ’нязгрэба, няздара’, польск. oferma. Запазычанне. У якасці крыніцы для польскага слова прыводзяць ням. ohne Forme (Дарашэўскі), што з семантычнага боку, здаецца, знаходзіць пацверджанне ў беларускіх гаворках, параўн. значэнне слоў хорма ’нікчэмны мужчына’, ’форма’ і нехорматны ’неахайны, неакуратны’ (КСТ), аднак з фармальнага боку выклікае пэўныя цяжкасці з-за няяснасці шляхоў адаптацыі (пасрэдніцтва мовы ідыш?).