Дрынду́шка ’частушка’, ’дробязь, цацка’ (БРС), дрындуха ’частушка’ (Шат.). Параўн. у Насовіча: дры́ндаць ’ленавацца; хадзіць, спяваючы’, дры́нда ’гультай’, ’від плуга’. Слаўскі (1, 172) прыводзіць вялікую групу слав. слоў са шматлікай семантыкай і лічыць, што гэта ўсё лексемы гукапераймальнага характару. Параўн. польск. drynda ’вазок’, dryndač ’павольна ехаць, трэсціся на возе’, укр. дри́нда ’вазок’, дри́ндати ’бегчы рыссю’, серб.-харв. др̏ндати ’балбатаць, размаўляць’ і г. д. Паводле Сл. паўн.-зах., дры́ндаць ’хадзіць без справы, бадзяцца’ < польск. dryndać.
Дры́нкаць ’брынкаць, бразгатаць’ (БРС). Гукапераймальнае. Параўн. чэш. drnčeti, drčeti, рус. тре́нькать і г. д. Гл. Махэк₂, 128; Фасмер, 4, 98.
Дры́хнуць ’дрыхнуць’ (БРС, Нас., Бяльк.). Рус. дры́хнуть, дры́хать, чэш. дыял. drychmat ’драмаць, спаць’, серб.-харв. дри́хати ’моцна спаць’, славен. dríhati ’спаць’. Прасл. *dryxati, *dryxnǫti ’тс’. Даўнейшыя этымалагічныя версіі гл. у Фасмера, 1, 545. Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 144–145), прасл. дзеяслоў з’яўляецца экспрэсіўным утварэннем, якое ўзнікла з усечанай асновы дзеяслова *drěmati ’драмаць’, да якой далучылася суфіксальная частка ‑x‑ati.
Дрэ́ва ’дрэва’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.), таксама дре́ва (Бяльк.). Укр. дре́во (памянш. форма древко) ’тс’ (Грынч.); параўн. і гуц. древору́б ’павець для дроў’ (Грынч.: з Шухевіча). Адносна бел. слова (без укр. матэрыялу) Трубачоў (Эт. сл., 4, 212) заўважае: «блр. литер. дрэ́ва неисконно». Сапраўды, бел. і ўкр. формы нельга вытлумачыць з якой-небудзь прасл. зыходнай формы, таму можна меркаваць, што гэта запазычанне з польск. drzewo ’тс’ (< прасл. *dervo; аб апошнім гл. Трубачоў, там жа, 211–212) з субстытуцыяй польск. гука rz усх.-слав. ‑р‑. Дзіўна, што ў ст.-бел. мове (гл. Булыка, Запазыч.) не адлюстраваны гэты паланізм.
Дрэйф, дрэйфава́ць (БРС). Параўн. дрэ́йфіць (гл.). Запазычанне праз рус. мову.
Дрэ́йфіць ’баяцца’ (БРС). Рус. дре́йфить ’тс’. Відавочна, узята з марскога жаргону. Параўн. рус. марское дре́йфить (дрейфова́ть) < гал. drijven ’адкланяцца ад курсу, дрэйфаваць’. Да дрейфова́ть, дрейф гл. Фасмер, 1, 537; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 189.
Дрэ́нны ’дрэнны’. Гл. дрэнь.
Дрэнчыць ’мучыць’ (Нас.), ’не даваць спакою’ (БРС, Сцяшк., Бяльк.), ’сцябаць малых дзяцей’, ’моцна хацецца’ (Шат.). Запазычанне з польск. dręczyć ’мучыць; моцна ўдараць’. Шат., 88, Слаўскі, 1, 165. Аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 164–165. Гл. таксама Кюнэ, Poln., 51.
Дрэнь ’дрэнь, дрэнны’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). У дыял. і дрень (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Здаецца, можна лічыць, што яно роднаснае рус. дрянь ’тс’ (па адной версіі *дрань ад драть; па іншай з *дрябнь да дряблый; гл. Фасмер, 1, 546; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 198). Вакалізм у бел. слове не зыходны, а трансфармаваўся па тыпу барса́ць: бэ́рсаць, ва(д)зга́ць: вэ́дзгаць, даўжа́р: дэ́ўжар. Хутчэй, аднак, зыходным з’яўляецца тып рус. дрянно́й, бел. *дранны́, адкуль пасля перанясення націску на першы склад «аднавіўся» вакалізм «э»: *дранны́ → дрэ́нны; адсюль ужо дрэнь. Параўн. польск. drań (Слаўскі, 1, 161). Бел. словы могуць паходзіць і прама ад *dranь, *dranьnъ (*dьranъ, *dьranьnъ) без палаталізацыі (*r > rʼ).
Дрэсірава́ць ’дрэсіраваць’ (БРС). Рус. дрессирова́ть, укр. дресирува́ти. Паводле Фасмера (1, 538), запазычанне з ням. dressieren (< франц.) або прама з франц. dresser (< італ.). Шанскі (1, Д, Е, Ж, 191) дапускае толькі запазычанне з франц. крыніцы. Зыходзячы з агульнай сітуацыі, можна меркаваць, што бел. слова, магчыма, узята непасрэдна з рус. мовы, а не з франц. ці ням.