Дрыгаце́ць ’дрыжаць’ (БРС, Касп., Шат.). Утварэнне з «узмацняльным» суфіксам ад слав. *drъg‑ (параўн. *drъgati, *drъgъtati, *drъgъtěti ў Трубачова, Эт. сл., 5, 137–138). Праформа *drъg‑ot‑ěti пацвярджаецца, напр., укр. дыял. дрогота́ ’дрож’, славац. drgotať ’грукатаць’ і бел. словам. Ва ўсякім разе мадэль *drъg‑ot‑ěti носіць прасл. характар і не можа быць зведзенай да *drъgъtěti, як гэта ў Трубачова.
Дры́гаць ’дрыгаць’ (БРС). Параўн. рус. дры́гать, укр. дри́гати, польск. drgać, drygać, славен. dŕgati. Сюды ж і формы тыпу рус. дыял. дро́гать ’трасці, топаць нагамі і г. д.’ Зыходным з’яўляецца прасл. форма *drъgati (sę), якая адпавядае літ. drugỹs ’ліхаманка’. Група слоў *drъgati (sę) звязана з *drъzǎti ’дрыжаць’, *drъžь ’дрыготка’. Гл. Трубачоў, Эт. сл, 5, 137–138, 144–145; Фасмер, 1, 544, 540–541.
Дрыгва́ (БРС, Касп., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Сюды ж драгба́ ’тс’ (Касп.). Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), гэта прасл. дыялектызм: прасл. *dręg(ъ)va, роднаснае літ. drė́gnas, лат. drę̂gns ’сыры’. Лексема гэта, прынамсі, усх.-слав. (рус. дря́гва, укр. дрягови́на ’балота’). Фасмер (1, 545) лічыць яго звязаным з рус. дряга́ ’сутарга’, дряга́ть ’калаціцца’, дрягва́ ’від студзеню’ (зыходнае *dręg‑). Параўн. драгба́. Адносна назвы дрыгва́ ’застылы адвар’ гл. Сцяц. Нар., 49–50.
Дрыжа́ць, дрыжэць. Рус. дрожа́ть, укр. дрижа́ти, дріжа́ти, чэш. držeti, польск. drżeć. Прасл. *drъzǎti ’дрыжаць’ звязваецца этымалагічна з літ. drugỹs ’ліхаманка’, лат. drudzis. Параўн. Фасмер, 1, 540; Трубачоў, Эт. сл., 5, 138–144; Бернекер, 1, 231; Слаўскі, 1, 175. Бел. форма дрыжа́ць, укр. дрижа́ти тлумачацца спецыфічным фанетычным развіццём (прасл. *‑rъ‑ не пад націскам пераходзіць у бел. і ўкр. мовах у *‑ry‑).
Дрызі́на ’дрызіна’ (БРС). Рус. дрези́на, укр. дрези́на. Бел. лексема, магчыма, запазычанне з рус. У рус. мове гэта слова запазычана ў сярэдзіне XIX ст. з ням. Draisine, Dräsine (ад імя вынаходніка дрызіны). Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 188–189.
Дры́ліх ’цік (тканіна)’ (Нас., Касп.). Паводле Кюнэ (51), запазычанне з польск. drelich ’тс’ (а гэта з ням. Drellich ’тс’).
Дрыль ’дрыль’ (БРС, Сл. паўн.-зах.), ’лобзік’ (Шат.). Рус. дрель (старое таксама дриль). Фасмер (1, 537) прымае запазычанне з гал. drilboor або ням. Drillbohrer ’тс’. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 190) мяркуе, што трэба дапусціць пры запазычанні польск. пасрэдніцтва (польск. dryl, drel). Дадатковым аргументам тут, паводле Шанскага, можа быць напісанне ў Даля дриль, дрыль (апошняе можа ўказваць на польск. dryl).
Дрымо́та, дрымо́тны, дрыму́чы. Да драма́ць (гл.).
Дрын ’кій’ (Сцяшк.), ’кіёк, дручок’ (Сцяц.), ’палка’ (Сл. паўн.-зах.). У слоўніку Трубачова (Эт. сл., 5, 145) бел. слова адсутнічае. Параўн. рус. дыял. дрын, укр. дыял. дрін ’тс’. Паводле Трубачова, там жа (у Фасмера, Бернекера гэтых слоў няма), магчыма, да і.-е. *drūno‑ (ад і.-е. *dru‑ ’дрэва’); параўн. ст.-інд. druṇa‑ ’лук (зброя)’, перс. durūna ’дуга, вясёлка; лук’; першапачатковае значэнне ’драўляны’ (гл. яшчэ Трубачоў, ВЯ, 1975, № 1, 135). Няпэўна.
Дрынду́шка ’частушка’, ’дробязь, цацка’ (БРС), дрындуха ’частушка’ (Шат.). Параўн. у Насовіча: дры́ндаць ’ленавацца; хадзіць, спяваючы’, дры́нда ’гультай’, ’від плуга’. Слаўскі (1, 172) прыводзіць вялікую групу слав. слоў са шматлікай семантыкай і лічыць, што гэта ўсё лексемы гукапераймальнага характару. Параўн. польск. drynda ’вазок’, dryndač ’павольна ехаць, трэсціся на возе’, укр. дри́нда ’вазок’, дри́ндати ’бегчы рыссю’, серб.-харв. др̏ндати ’балбатаць, размаўляць’ і г. д. Паводле Сл. паўн.-зах., дры́ндаць ’хадзіць без справы, бадзяцца’ < польск. dryndać.