Дрэнь ’дрэнь, дрэнны’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). У дыял. і дрень (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Здаецца, можна лічыць, што яно роднаснае рус. дрянь ’тс’ (па адной версіі *дрань ад драть; па іншай з *дрябнь да дряблый; гл. Фасмер, 1, 546; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 198). Вакалізм у бел. слове не зыходны, а трансфармаваўся па тыпу барса́ць: бэ́рсаць, ва(д)зга́ць: вэ́дзгаць, даўжа́р: дэ́ўжар. Хутчэй, аднак, зыходным з’яўляецца тып рус. дрянно́й, бел. *дранны́, адкуль пасля перанясення націску на першы склад «аднавіўся» вакалізм «э»: *дранны́дрэ́нны; адсюль ужо дрэнь. Параўн. польск. drań (Слаўскі, 1, 161). Бел. словы могуць паходзіць і прама ад *dranь, *dranьnъ (*dьranъ, *dьranьnъ) без палаталізацыі (*r > ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)