Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прылу́пка ’палонка’ (віл., Сл. ПЗБ). Да про́лубка (гл.) у выніку дээтымалагізацыі і збліжэння з лупі́ць ’біць, здымаць кару’ (гл.).

Прылуча́й ’выпадак’ (Нас.), таксама вытворныя прылу́чка ’тс’ (Бяльк.), прылучэ́нне ’збег абставін, здарэнне, прыгода’ (Нас.). Сюды ж таксама вытворнае, якое захавала спрадвечны націск, прылу́ка ’здарэнне, выпадак; прыгода’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Жд., Стан.) з рэгулярным (тут “адваротным”) чаргаваннем у фіналі асновы. Узыходзіць да прасл. *prilučějь < *prilučiti (sę), прэфіксальнага да *lučiti (sę), гл. лу́чыць (гл. таксама ЭССЯ, 16, 162–163 з падрабязным аналізам семантыкі). Ст.-слав. прилоучаи: по прилоучаю ’выпадкова’, ст.-рус. прилучаи ’абставіны; выпадак; няшчасце, бяда; лёс’, балг. прилу̀ка ’зручны выпадак; прыгода’ (БЕР, 5, 720: аддзеяслоўнае вытворнае ад прылуча), рус. дыял. при́лучь ’выпадак; здарэнне’, прилу́чай ’выпадак’, а таксама прилукну́ть ’набыць выпадкова’, прилуча́ться, прилучи́ться ’здарацца, адбывацца’, укр. прилуча́тися, прилучи́тися ’здарацца, здарыцца’. Варбат (Этимология–1972, 48–49) лічыць роднасным і польск. дыял. przyłyka ’жанчына, якая прыехала з мужам з іншай мясцовасці’, што адрозніваецца ступенню каранёвай галоснай.

Прылучы́ць, прылуча́ць ’уключыць, далучыць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт.), прілучы́ць ’далучыць’ (Бяльк.), прылучаць ’прычашчаць’ (Ласт.); ст.-бел. прилучати, прилучатися ’далучаць, далучацца’, прилучити, прилучитися (Сл. Скарыны), аддзеяслоўны субстантыў прылучэ́нне ’далучэнне’ (Нас., Гарэц., ТСБМ), ’прычашчэнне’ (Ласт.). Сюды ж вытворныя: прылу́чны ’які выпадкова прыбіўся не да свайго статку’ (Нас.), дзе часткова захоўваецца семантыка прылуча́й ’выпадак’, прылу́ка ’муж, што пасяліўся пасля жаніцьбы ў доме сваёй жонкі’ (Інстр. 2). Узыходзіць да прасл. *prilǫčiti, прэфіксальнае ўтварэнне ад *lǫčiti, гл. лучы́ць1 ’яднаць, злучаць’ (гл. таксама ЭССЯ, 16, 132–134). Укр. прилуча́ти ’далучаць; дадаваць; уключаць’. Ст.-рус. прилучити ’прылучаць; даць, падараваць’, рус. дыял. прилуча́ть, прилучи́ть ’прынаджваць, прывабліваць, далучаць’. Гл. таксама Фасмер, 3, 365; ЕСУМ, 3, 315–316, Варбат, Слав. языкозн., IX, 66–67.

Прыльну́ць ’прыціснуцца, прыпасці’; перан. ’старанна ўзяцца за работу’ (Юрч.). Адзіная фіксацыя сведчыць, хутчэй, на карысць запазычання з рус. прильну́ть. На ненародны (г. зн. неспрадвечны) характар беспрэфіксальнага ільну́ть (гл.) звяртаў увагу яшчэ Карскі (1, 262).

Прылюбі́ць ’упадабаць; прымаць з прыемнасцю’ (Нас.; б.-каш., ГЧ), сюды ж прылюбоўнік (= рус. прелюбодей) (Тураўшч., 1, 59). Прэфіксальнае ўтварэнне ад любі́ць (гл.) з развіццём семантыкі. Укр. прилюби́ти, прилюбля́ти ’зачараваць, прывабіць, любіць, прымаць з прыемнасцю’, прилюби́тися ’прыахвоціцца’. Стараж.-рус. прилюбитисѧ ’аддацца любві’: Богови прилюбистеся (1578, Сразн.), рус. дыял. прилюби́ть, прилюба́ть ’аказваць садзейнічанне, дапамагаць’, прилюби́ться ’спадабацца, прыйсціся да густу, да спадобы’. Гл. таксама ЕСУМ, 3, 319–320.

Прылячы́ць ’вылячыць’ (б.-каш., ГЧ). Да лячыць (гл.).

Пры́ма ’падмурак; першае звяно зруба’ (Сл. рэг. лекс.). Семантыка, безумоўна, звязана з запазычаннямі, якія працягваюць лац. ж. р. prīma ’першая’, але шляхі пранікнення слова ў гаворку вызначыць цяжка. Параўн. зафіксаванае ў тым жа рэгіёне прымапрэ́ля ’першае красавіка’ (шчуч., Сцяшк.).

Пры́мавіска, пры́мавіско, пры́мовіско ’прымаўка; прывычка паўтараць пэўныя словы, словазлучэнні і г. д.’ (Сл. ПЗБ, Скарбы), пры́мовыско ’мянушка’ (Клім.). Запазычана з польск. przymowisko ’прымаўка’ з пераносам націску на прэфікс, памянш. ад przymówka, аб чым сведчыць арэал распаўсюджвання лексем. Параўн. пры́маўка.

Прымадзе́ць ’прытаміцца’ (Байк. і Некр.). Да мадзе́ць ’жыць у цяжкіх умовах, гараваць; марнець; бязмэтна існаваць’ (гл.), якое ўзыходзіць да прасл. дыял. *mъděti, параўн. рускія дыялектныя формы, якія захоўваюць спрадвечную семантыку: паўн.-дзвін. промоди́ть ’зрабіць кіслым, тухлым, прагнілым’, тул. промоде́ть ’чэзнуць, марнець на працягу пэўнага часу’.

Прыма́к, прыма́ка, прымаке́, прымакіе́, прыма́ч, пры́ма, пры́мень, пры́муш, пры́мыш, прама́ка ’муж, якога прынялі ў сям’ю жонкі, які жыве ў доме жонкі’, прыма́кі ’прыманне прымака’ (ТСБМ, Нас., Шн. 1, Нік. Очерки, Кольб., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Шат., Касп., Растарг., Янк. 1, Янк. Мат., Інстр. 1, Мат. Гродз., Жд., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), прымук ’прыёмыш’ (Ласт.), прыма́чка ’жонка зяця, прынятага ў дом цесця’ (Нас.; навагр., Нар. сл.), пры́мачка ’тс’ (Байк. і Некр.), прымі́чка ’тс’ (саліг., Нар. словатв.), таксама пры́мы, пры́мачы, пры́мічы, пры́мкі, пры́му ’пасяленне, пражыванне мужчыны пасля жаніцьбы ў сям’і жонкі; прымацтва’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС); параўн. перан. прыма́к ’калок у плоце для ўмацавання падгніўшага слупа’ (ТС). Сюды ж прыйма́к ’прымак; зяць, прыняты ў дом цесця’ (Растарг.), ’прыёмыш’ (Ласт.), прійма́ч ’зяць, які жыве ў цесця’ (Бес.), пры́йміч, пры́ймыш ’прыёмыш; зяць, прыняты ў дом цесця’ (Нас.), прыйма́к ’сезонны рабочы, якога наймалі цягнуць плыты супраць рачной плыні’ (пін., Нар. лекс.), толькі мн. л. пры́ймы ’жаніцьба ў тым выпадку, калі жаніх ідзе ў дом да нявесты’ (мазыр., рэч., Доўн.-Зап., 2). Рознасуфіксальныя вытворныя ад прыма́ць/прыйма́ць (гл.). Рус. дыял. прима́к ’муж, прыняты ў дом жонкі’, ’прыёмны сын’, прима́ка ’тс’, при́ма ’муж, прыняты ў сям’ю жонкі’, смал. прима́ч ’тс’, при́мень ’тс’, при́муш ’чалавек, якога ўзялі працаваць у гаспадарцы, прынялі ў свой двор’, укр. прийма́к, прийма́ка ’прыёмыш; муж, які перайшоў у сям’ю жонкі’, при́йми ’прыёмыш’, у при́йми піти́ ’не маючы сваёй гаспадаркі, прыйсці на гаспадарку жонкі, жыць у яе хаце’. Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 51) мяркуе пра ўплыў літ. priim̃ti ’прыняць зяця ў двор’, аднак адсутнасць фармальных падстаў робіць меркаванне аб балтыйскім пранікненні праблематычным.