Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рага́ціна, рагацю́лька ’неабцярэблены сук’, ’сукаватая палка’, ’расахатае дрэва’ (Сл. ПЗБ), ’развіліна, разгаціна’ (зэльв., Нар. словатв.), ’паляўнічая зброя’ (ТСБМ). Утворана ад рог1 (гл.).

Рага́ч1 ’вілы з двума рагамі’ (Сцяшк., ЛА, 2), ’вілкі, якімі ставяць (або вымаюць) у печ чыгуны’ (ТСБМ, Выг.). Да рог1 (гл.).

Рага́ч2, ’драўляная саха’ (ТСБМ), ’частка сахі’ (ТСБМ, Выг., Янк., Сержп., Дзмітр., Дэмб. 2), рагачы́ ’ручкі плуга’ (Выг. дыс.), рус. дыял. рога́ч ’ручка ў сахі’. Ад рог1 (гл.). Падабенства па форме.

Рага́ч3 ’вывернуты корань дрэва’ (ТСБМ). Ад рог1 (гл.).

Рага́ч4 ’самец-алень або іншая жывёліна з рагамі’ (ТСБМ), укр. рога́ч ’самец-алень’, в.-луж. rohač ’жывёліна з рагамі’. Ад рог1 (гл.), параўн. рога́та ’карова з вялікімі рагамі’ (ТС).

Рага́ч5 ’ражон, кол з сучкамі’; зборн. рагаччо́ (рогаччо́) ’колле няроўнае і сучкаватае’ (Нас.), ’дзяркач’ (ігн., Сл. ПЗБ). Мае не зусім ясныя адносіны да рог1 (гл.). Магчыма, паводле знешняга падабенства з вострымі, тырчачымі ў розныя бакі галінкамі.

Рагачы́ ’прылада для звівання нітак’ (Сцяшк.), ’звязаныя разам тры драўляныя калкі, на якія ставілі калыску’ (гродз., Сл. ПЗБ), ’драўляныя вілы’ (Выг.), рагачэ́ ’прылада, якой абмерваюць поле’ (гродз.). Ад рог1 (гл.). Усе прадметы маюць вытыркальныя часткі, якія напамінаюць рогі жывёлы.

Раге́ня ’каша з бобу і бульбы’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Гл. раўгеня.

Раге́ша ’някемлівы, неахайны чалавек’ (мін., Непакупны, Связи), ’плакса’ (зэльв., Нар. словатв.), рэке́ша ’тоўстая, бясформенная, неахайна апранутая жанчына’ (смарг., Непакупны, Связи), укр. реге́ша, реке́ша ’неахайны, няўклюдны або тоўсты чалавек’. Балтызм, параўн. літ. rekešỹs ’разгалінаванае дрэва’, ’сукаватая галінка’, ’няўклюдны чалавек’, rekežỹs ’бясформенная рэч’, ’амаральны чалавек’, якія да кораня *rek‑, *ker‑ (Лаўчутэ, Балтизмы, 59). Непакупны (Связи, 195) дапускае метатэзу апошняга кораня, параўн. раскярэша (гл.).

Рагізу́ля ’растропа’ (Касп.). Гл. рагаза1.

Рагілі ’вазок для сена, снапоў’ (Касп.). Гл. рэдалі.

Рагі́ня ’вяргіня’ (ТС). Узнікла ад вяргі́ня ў выніку метатэзы і збліжэння са словам рог1 (гл.), паколькі пялёсткі кветкі маюць форму, падобную на рожкі.

Раго́жа, раго́жка ’грубая ўпаковачная тканіна’, ’посцілка’, ’тканіна рэдкага перапляцення’ (ТСБМ), рого́жа, рэдка рого́га ’сплеценая з травы посцілка’ (ТС), раго́шка ’мачалка з лубяных палосак’ (Сл. ПЗБ), раво́шка ’мачалка’ (Сцяшк. Сл.), рус. рого́жа, укр. рого́жа, польск. rogoża, чэш. і слав. rohož ’рагожа’, ’пляцёнка з чароту, саломы’, славен. rogóža ’чаротавы верх вазка’, серб. ро̀гожина, харв. rógožina ’цыноўка з рагожы’, балг. рого́жка ’тс’. Прасл. *rogoža вытворане ад *rogozъ ’чарот, трыснёг’ (Фасмер, 3, 490). Махэк₂ (420) адносіць слова разам з нова-в.-ням. Rohr ’камыш’, гоц. raus, герм. *rauza‑ да рэліктаў “праеўрапейскага”. Гл. таксама наступнае слова.

Раго́з ’балотная расліна, пухоўка Typha L., трыснёг’ (ТСБМ, Кіс.), рого́з, рого́ж ’балотная расліна з вузкімі лістамі’ (ТС); раго́ж, раго́жа, рого́жа, руго́жа, рогожа́ ’трыснёг’ (ЛА, 1; Арх. ГУ), рага́за ’чарот’ (Ян.), ’плюшчай’ (ЛА, 1), рус. рого́з, дыял. ра́гоза ’трава асака’, ’мачала’, укр. рогі́з, рогоза́, польск. rogozie ’трыснёг’, ’чарот’, в.-луж. rogož, rohodź ’трыснёг’, ’чарот’, н.-луж. rogož ’чарот’, серб. ро̀гоз, харв. rògoz ’асака’, балг. рого́з ’высокая балотная трава, з якой плятуць посцілкі і інш.’, макед. рогоз ’трыснёг’, ст.-слав. рогозъ ’папірус’. Агульнаславянская назва пухоўкі, чароту і трыснягу. Узводзяць да прасл. *rogozъ, якое, хутчэй за ўсё, вытворнае ад *rogъ ’рог’ (Брукнер, 461; Фасмер, 3, 490; Шустэр–Шэўц, 2, 1231–1232). Ва ўсіх слав. мовах слова мае яшчэ і значэнне ’луб’, ’грубая тканіна’, як і слова раго́жа, параўн. літ. regzti ’плясці’. Магчыма, звязана з словам рагаза́, якое мае значэнне ’рагаты сук’, ’штосьці калючае’, параўн. бел. раго́зіна ’сукаватая палка’ (Сцяшк.). Уяўленне аб рагазе́ як аб развілцы, рагаціне пацвярджае яго этымалагічныя сувязі з рог1, гл. (Мяркулава, Очерки, 48–50).