Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пры́вярка ’адтуліна ў венцяры, праз якую заходзіць рыба’ (гродз., Жыв. НС). Няясна. Магчыма, звязана з верая (гл.), параўн. польск. przywierać ’прысланяць, прычыняць’ (што да *verti ’адчыняць, зачыняць’ і пад.), wierzej ’аднастворкавая брамка’ і wierzejа ’двухстворкавая брамка з дошак’, параўн. таксама ст.-польск. wierzejny ’агульны, адкрыты’. Параўн. Антропаў, Супр. чыт. III, 17. Гл. наступнае слова.

Прывярну́ць ’павярнуўшы, прыперці, прыхіліць да чаго-небудзь; прываліць; зачараваць, прываражыць’ (ТСБМ, Янк. 2), ’прыкідаць, прываліць, накіраваць статак да чаго-небудзь’ (Янк. 2), прыверня́ць ’прывальваць’ (ТС). Да вярну́ць (гл.). Адносна значэння ’зачараваць, прываражыць’ гл. прываро́т.

Прывяча́ць ’вітаць, прыхільна сустракаць’ (Наша Ніва, 2002, 15 ліст.). Ітэратыў да прывеціць, гл. прывет.

Пры́гаваразка ’прымаўка’ (Сл. ПЗБ). Кантамінацыя семантычна блізкіх прыгаво́рка і пры́казка (гл. прыгавары́ць і прыказа́ць).

Прыгавары́ць ’назначыць пакаранне; рашыць, вырашыць; угаварыць, прываражыць, прывярнуць’ (ТСБМ), прыговоры́цца ’падлашчыцца, паддобрыцца ў размовах’ (ТС), прыгаво́рны ’хвароба, якую прыгаворваюць’ (Нар. Гом.). Да гавары́ць (гл.). Сюды ж аддзеяслоўныя бяссуфіксныя назоўнікі з працягам і развіццём семантыкі: прыгаво́р ’рашэнне суда, пастанова, рашэнне, меркаванне па якому-небудзь пытанню’ (ТСБМ, Др.-Падб.), пры́гавар ’ухвала (на вясковым сходзе)’ (Др.-Падб.), прігаво́р ’прыгавор’ (Бяльк.); прыгаво́р, звыч. мн. л. прыгаво́ры ’словы, якімі суправаджаюць якое-небудзь дзеянне; урокі’ (ТСБМ; маг., ЛА, 3), прыгаво́рны ’сурочаны’ (Байк. і Некр.), прыгаво́р ’прымаўка’ (брасл., даўг., в.-дзв., красл., лях., Сл. ПЗБ), прі́гывыр ’тс’ (Бяльк.); сюды ж памянш. прыгаво́рка, пры́гово́рка ’вострыя, забаўныя словы, словазлучэнні, якія ўжываюцца для ажыўлення гаворкі, прымаўка’ (Растарг., ТСБМ; гродз., в.-дзв., карэліц., Сл. ПЗБ; ТС).

Прыгада́ць, прыгадва́ць ’узнавіць у памяці; прыпомніць’ (ТСБМ), прыгадава́ць ’гаварыць, лічыць’ (брасл., Сл. ПЗБ). Сюды ж з далейшым развіццём семантыкі — ’прыдумаць; задумка’ (Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Растарг.), ’адшукаць; знайсці’: пригадай скорей верёвку, штоб взлезци (Нас.), таксама прыга́длівы ’знаходлівы’ (Нас.) і прыгада́ць ’дапамагчы; паспачуваць’: не плачь — мы твоей беде пригадаем (Дабрав., Кросны). Да гада́ць у значэнні (згодна з ТСБМ — размоўным) ’меркаваць’ (гл.), укр. пригада́ти ’ўзгадаць’, пригада́ти ’прыдумаць’. Спецыяльна гл. Булахаў, Развіццё, 43.

Прыгадзі́ць, прыгодзі́ць ’даць, паспрыяць’ (ТС), прігадзі́цца ’спатрэбіцца; прыдацца’ (Бяльк.), прыгадзі́ць (безасаб. прыгадзі́ла) ’нечакана прыйсці’: коли цебе тут пригодзило? (Нас.). Працягвае ст.-бел. пригодити ’дапамагчы’, пригодитися ’спатрэбіцца; адбыцца, здарыцца’ (Ст.-бел. лексікон), пригожатися ’здарацца; трапляцца, прыходзіцца’ (Статут 1529), якое, у сваю чаргу, з прасл. *prigoditi () < *goditi () (Бабік, Зб. памяці Слаўскага, 65; ЭССЯ, 6, 188–190); параўн. ст.-рус. пригодити ’дапамагчы’, пригодитися ’спатрэбіцца, быць прыдатным; аказацца, быць; адбыцца, здарыцца’, серб.-харв. пригодити (се), пригађати (се) ’здагадвацца’, балг. дыял. прыга́дам ’дагаджаць, рабіць прыемнасць’, прига́ждам ’тс’, чэш. přihoditi ’дадаць, прыбавіць’, славац. prihodiť ’тс’, рус. дыял. пригоди́ть ’даць магчымасць зрабіць, садзейнічаць, спрыяць’, пск., смал. пригоди́ться, пригожа́ться ’спатрэбіцца’, ’удацца, выпасці; выдацца’, укр. пригоди́ти ’дагадзіць’, пригоди́тися ’здарыцца, адбыцца’.

Прыгалавач, пры́головач, мн. л. пры́головачі, прыгалавашкі, приголовашкі ’кароткія папярочныя барозны, засаджаныя бульбай’ (пін., калінк., стол., лельч., ЛА, 2), прыголо́вач ’некалькі папярочных баразён ў канцы дзялянкі’ (драг., стол., Выг.), ’канец агарода, сядзібы’ (ТС), параўн. рус. ярасл. приголова́шник ’размешчаная з краю падоўжная паласа зямлі (у якую ўпіраюцца іншыя кароценькія зямельныя палосы, т. зв. шахматы)’. Да галава, галавач (гл.). Спецыяльна гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 54.

Прыгалаве́шка ’два палены, якія кладуцца на паду ў печ паралельна, а на іх канцамі кладуцца дровы’ (Янк.), мн. л. прыгало́вічы, пры́галавічы ’доўгія палены дроў (звычайна два), якія кладуцца спераду ў печ’ (Жд., Нар. сл.), параўн. укр. при́голова́ч, при́голо́вачок, при́головок ’палена, якое кладзецца ўпоперак печы, каб на яго можна было класці палены ўпоперак’. Да галава, галавешка (гл.).

Прыга́лак ’невялічкая палянка ў лесе пасля пажару; прагалак’ (Шат.). Да прага́лак (гл.). Але нельга цалкам выключыць і ўплыў семантыкі прыназоўніка пры са значэннем лакалізацыі — ’каля чаго-небудзь’. Гл. гала.