Прыгавары́ць ’назначыць пакаранне; рашыць, вырашыць; угаварыць, прываражыць, прывярнуць’ (ТСБМ), прыговоры́цца ’падлашчыцца, паддобрыцца ў размовах’ (ТС), прыгаво́рны ’хвароба, якую прыгаворваюць’ (Нар. Гом.). Да гавары́ць (гл.). Сюды ж аддзеяслоўныя бяссуфіксныя назоўнікі з працягам і развіццём семантыкі: прыгаво́р ’рашэнне суда, пастанова, рашэнне, меркаванне па якому-небудзь пытанню’ (ТСБМ, Др.-Падб.), пры́гавар ’ухвала (на вясковым сходзе)’ (Др.-Падб.), прігаво́р ’прыгавор’ (Бяльк.); прыгаво́р, звыч. мн. л. прыгаво́ры ’словы, якімі суправаджаюць якое-небудзь дзеянне; урокі’ (ТСБМ; маг., ЛА, 3), прыгаво́рны ’сурочаны’ (Байк. і Некр.), прыгаво́р ’прымаўка’ (брасл., даўг., в.-дзв., красл., лях., Сл. ПЗБ), прі́гывыр ’тс’ (Бяльк.); сюды ж памянш. прыгаво́рка, пры́гово́рка ’вострыя, забаўныя словы, словазлучэнні, якія ўжываюцца для ажыўлення гаворкі, прымаўка’ (Растарг., ТСБМ; гродз., в.-дзв., карэліц., Сл. ПЗБ; ТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)