Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лотак ’жолаб для спуску вады’ (касцюк., КЭС). Да латак (гл.).

Лотар ’гультай’ (паст., Сл. ПЗБ). Да лотр (гл.).

Лотаўка ’балбатуха, лапатуха’ (Касп.). Утворана ад ⁺лот, якое з’яўляецца ўсечаным варыянтам лексемы лотр (гл.). Іншы варыянт — латроўка ’гультайка’ (Нас.).

Лотаць, лотась, ло́тоць, лотац, лотать, лоташнік ’лотаць балотная, Caltha palustris L.’ (мін., маг., Кіс.; Сцяшк., Бяльк., Бейл., Шат., Мікуц., Сл. ПЗБ, ТС), а таксама лотаце́нё, ло́точнік, ло́тошнік, локо́тнік, лота́тя ’гарлачык жоўты, Nuphar luteum (L.) Sm.’, ’гарлачык чыста-белы, Nymphaea candida Presl.’, ’падалешнік еўрапейскі, Asarum europeum L.’ (Бейл.). Укр. лата́ття, лата́ч, лота́ття, ло́тач, ло́таш, ло́тарь, ло́так, ло́тань, ло́точ, зах.-рус. лотать, польск. крэсовае łotoć, łotocie, в.-луж. lokaśina, славац. lotač, lotáč, lotaj. Слова не мае надзейнай этымалогіі. Слаўскі (5, 217) адносіць да прасл. olta (параўн. укр. лата́тий ’з вялікімі і шырокімі лістамі’. Мяркулава (Очерки, 26–30) узводзіць да і.-е. асновы *lat‑ ’мокры’, ’балота’, што з’яўляецца малаімаверным. Махэк₂, Jména, 41, беручы пад увагу іншыя слав. назвы лотаці (blatúch, blatník, калужница), звязаныя з паняццем ’балота’, узводзіць разглядаемыя лексемы да прасл. loky ’лужына, месца са стаячай вадой’.

Лотачка ’лодачка’ (гом., Рам. 1), лотачнік, лоташнік ’вопытны плытагон, які праводзіў плыты праз небяспечныя месцы: мелі, парогі і інш.’ (глус., бярэз., Нар. лекс.). Рус. арханг., валаг., вяц., уладз., цвяр., смал., кур., варонеж. лоточка ’тс’. Бел.-рус. ізалекса. У выніку кантамінацыі з лексемай лоток, лоточек, латак ’жолаб’. Не выключаны ўплыў свінскіх моў (фінскага субстрату).

Лотва ’чарада, плойма (дзяцей)’ (Касп.), рус. пск. лотва некрещеная! — лаянка; ’шалёнае зборышча’, польск. Lotwa ’Латвія’. Лексема паходзіць ад этноніма як абагульняючае слова для мноства людзей (з незразумелай мовай). Параўн. яшчэ рус. пск. латыш ’чалавек, які гаворыць неразборліва’. Паходзіць з незасведчанай у балтыйскіх помніках назвы для краіны і яе насельніцтва *Latuvā, Latvā (Атрэмбскі, Gramatyka, 1, 3), параўн. назву вёскі Лотва Мядзельскага р‑на, ст.-бел. Лотва (у Стрыйкоўскага) і інш. Больш падрабязна гл. Непадкупны (Связи, 151–152).

Лотр ’лайдак, гультай’, ’круцель, п’яніца, ашуканец, марнатравец’ (Нас., Яруш., ТСБМ; гом., Мат. Гом.), лотра, лу͡отра ’гуляка, гультай, лодар, п’яніца’ (Гарэц., Мал., Бяльк., ТСБМ). Ст.-бел. лотръ ’злачынец, бандыт, разбойнік’, ’махляр, ашуканец’, якое Карскі (Труды, 312) і Кюнэ (74) выводзяць з польск. łotr ’тс’; Булыка (Запазыч., 191) — са ст.-польск. łotr (апошняе з чэш. lotr < с.-в.-ням. loter або з lotterbube ’нягоднік, мярзотнік’); Жураўскі (Бел. мова, 61), Чартко (Пыт. мовазн., 122) крыніцай для ст.-бел. лотръ лічаць с.-в.-ням. loter. Паняцце амаральнасці, распусты, заключанае ў гэтай лексеме, дало падставу Булахаву (Бел. мова, 54–55) звязаць яе з біблейскім імем Лотр. Аб гэтым гл. і ў Панюціч (Лексіка нар. гав., 103). Больш падрабязна гл. Слаўскі, 5, 221–222.

Лоў ’паляванне’ (Гарэц., Др.-Падб., Сл. ПЗБ і інш.). Гл. ловы.

Лоўж, лоўш ’галлё, скінутае ў кучу’, ’куча галля’ (Бяльк., Некр., Шат., Янк. 2, ТСБМ; Сл. ПЗБ; староб., Мат. дыял. канф.; кліч., Маладосць, 6, 1975), ц.-палес. ловж, лёўж, ливж, лимж, ломж, ломж, лож, лемж ’тс’ (ЛАПП, Бел.-укр. ізал.), лоўж ’куча ўвогуле’ (Янк. 2; ст.-дар., Нар. сл.), ’куча бруднай бялізны’, ’вялікая колькасць чаго-небудзь’, ’рэчы, складзеныя ў пэўным парадку’, ’рыззё’ (Сл. ПЗБ), віц. лоўжа ’курган’ (Яшк.). Старажытны літуанізм (Арашонкава і інш., БЛ, 3, 30), параўн. літ. láužas ’куча галля’ (Урбуціс, Baltistica, 5, 64; Толстой, Лекс. балтызмы, 48; Непакупны, Связи, 187; Чарапанава, Бел.-рус. ізал., 123). Гл. таксама лаўж ’тс’. Сюды ж лоўжышча ’беспарадак’ (лаг., Сл. ПЗБ).

Лоўкі ’спрытны, умелы, добры, якасны’ (ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ’зручны, ёмкі, выгодны’ (Яруш., Выг.), ’прыгожы’ (маз., лун., пін., Сл. Брэс., З нар. сл.), ловак ’спрытны (чалавек)’, ’зручны (пра рэч)’ (Шат.), лоўчы ’здатны, спрытны’ (ТС), лоўка ’добра (аб здароўі)’ (Ян.), ’зручна, умела, удала’ (Сл. ПЗБ), ’спрытна, прыгожа’ (Бяльк., Касп., Шат.), лаўчэй ’лепш, зручней, прыдатней’ (Юрч., Шат., Мат. Янк.; нясв., Жд. 2). Прасл. lovъkъ (параўн. харв. lȍvak ’які адносіцца да lov ’лоў’). Параўн. літ. lavùs ’лоўкі, кемлівы, хітры’ (Фасмер, 2, 509). Прыметнік, утвораны ад дэвербатыўнага кораня lov‑ (Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 377). Да ловы (гл.). Сюды ж лоўчы ’егер, ляснічы, старэйшы паляўнічы’, ’прывучаны, прызначаны для лоўлі’ (Гарэц., Грыг., Др.-Падб., Касп., Жд. 2, ТСБМ).