Ловы, лоў ’лоўля, паляванне без агнястрэльнай і халоднай зброі’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Бяльк.; навагр., віл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. ловы ’рыбалоўныя месцы’, ’паляванне (месца)’. Укр. лов, лови, рус. лов, ловы, польск. łowy, ст.-польск. łów, каш. łȯw, н.- і в.-луж. low, чэш. lov, славац. lov, lovу, славен. lòv, серб.-харв. ло̏в, макед. лов, lof, lófuvi, балг. лов, ловът, ст.-слав. ловъ. Прасл. lovъ ’лаўленне, хапанне, лоўля звяроў, птушак, рыб’, роднаснае з літ. lãvynti ’развіваць, практыкаваць’, lavùs ’лоўкі, спрытны, кемлівы’, ст.-грэч. атычн. λεία ’здабыча’ (*λᾱϜιᾱ), дарычн. λᾱία, ληίς ’тс’, лац. lucrum ’выйгрыш’, ст.-ірл. lōg, lūag, lūach ’плата, узнагарода’, гоц., ст.-ісл. laun ’тс’, ірл. fo‑lad ’багацце’. І.‑е. *lau‑ ’лавіць, атрымліваць здабычу’ (Бернекер, 1, 735; Покарны, 655; Траўтман, 153; Фасмер, 2, 508; Слаўскі, 5, 238; Скок, 2, 320–321). Інакш Махэк₂, 342, які выводзіць слова lovъ з polovъ, якое з polovati (параўн. славац. poľovati, бел. палява́ць, а таксама ст.-грэч. παλεύω ’завабліваю птушак у сетку’. Непераканаўча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)