Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Га́йна ’логава, беспарадак’ (Янк. III). Гл. гайно́.

Га́йнік1 ’расліна Epipactis Sw.’ (БРС, Кіс.). Калі меркаваць, што спачатку гайнік азначаў расліну Epipactis palustris Grantz, якая расце ў сырых мясцінах, на багнах, то ёсць магчымасць звязаць яе назву з гайно́ ’бярлога, логава’ (гл. гайно́), г. зн. што спачатку гайнік — расліна, якая сустракаецца на гайне́, на брудных, балоцістых месцах. Параўн. Нейштадт, Определитель, 174.

Га́йнік2 ’чорны бусел’ (Шатал.). Ці не таго ж самага паходжання, што і гайнік1? Чорны бусел сустракаецца на багнах і сырых месцах. Іншая магчымасць тлумачэння: гайнік ад гайно ’гняздо чорнага бусла, вельмі масіўнае і грубае’? Да рэалій параўн. Флінт, Птицы, 64–65.

Гайнікі́ ’мера даўжыні’ (Сцяшк.: «Гайнʼикʼи́ и ро́зныйа былʼи́, и со́рак ме́траў, і во́сʼимʼисʼат, йи́мʼи калʼи́сʼцʼи мʼе́ралʼи зʼамлʼу́»). Відавочна, з *гоннікі (з дысіміляцыяй ‑нʼнʼ‑ > ‑йнʼ) да *gonъ ’мера даўжыні’ (< *gъnati).

Га́йніць ’ганьбіць’ (Мат. Гом., 3). Фанетычнай зменай з га́ніць ’тс’ (гл.). Параўн. аналагічную з’яву ў словах тыпу бел. дыял. ба́йня < ба́ня.

Гайно́ ’бярлога, логава’ (БРС, Шат., Бяльк., Мат. Гом., 3, Шатал.); ’бярлог’ (Яшк., Касп., Грыг., Мядзв.), таксама ’гняздо’ (Мат. Гом., 3), га́йна ’логава, беспарадак’ (Янк. III). Укр. гайно́ ’гной, кал; падсцілка з саломы для жывёлы; бярлога; беспарадак’, рус. га́йно́ ’гняздо, логава звера; гняздо птушкі; сабачая будка, палатка; хлеў; падсцілка для свіней і да т. п’. Няма ў слоўніках Слаўскага і Фасмера. Рудніцкі (531) хоча бачыць тут эўфемізм для зыходнага слова *govьno. Няпэўна. Невядома, ці ёсць нейкая сувязь з чэш. hejno, славац. hajno, польск. дыял. gajno ’стада авечак, сагнаных разам’ (аб гэтых словах гл. Махэк₂, 164).

Гайня́ ’зграя сабак, ваўкоў’ (Інстр. II, Бір. Дзярж., БРС), ’група дзяцей, якія сваволяць’ (Жд. 2). Няпэўна, ці ёсць нейкая сувязь з гайно1. Хутчэй з ганя́ (> гайня́, параўн. байня < баня, гайніць < ганіць і да т. п.) да *gonъ, *gъnati: *gonь. Параўн. Янк. II, 49.

Гайстр, гайсцёр. Гл. гайсцер.

Га́йстра. Гл. гайсцер.

Гайстры́ць ’вастрыць’ (Сцяц. Мат. Гом., 3). Да *ostriti (> вастры́ць) з пратэтычным г‑ (замест в‑ літ. мовы) і з «устаўным» ‑й‑.

Гайсцер ’бусел чорны’ (Мат. Гом., 3, Інстр. II), га́йсцёр ’Ciconia nigra’, гайстр, гайсцёр ’Ciconia nigra L., бусел чорны; Ciconia ciconia L., бусел белы’, га́йстра ’назва птушкі’ (Сержп. Грам.). Параўн. укр. га́йстер ’бусел’ (Лысенка, ССП, Лысенка, СПГ, Грынч.). Гэта слова запазычана з польск. дыял. hajster а гэта з ням. дыял. Heister ’тс’. Гл. Цімчанка, 1, 501 (ва ўкр. мове слова вядома з XVIII ст.); Фасмер, 1, 64; Рудніцкі, 532. Агляд этымалагічных версій назваў бусла гл. Клепікава, ВСЯ, 5, 149–158.