Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сівапёс ‘белаватая, вельмі неўрадлівая зямля’ (Юрч. Вытв.). Да сівы і пясок (гл.), параўн. сіняпёс, гл.

Сі́вер ‘халодны паўночны пранізлівы вецер’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сцяшк.; віц., Нар. словатв., Сержп., Ян.), сі́верка ‘намаразь’ (Ян.), ‘халодны вецер’ (Пятк. 2), сі́верны ‘халодны, сцюдзёны’ (ТСБМ, мін., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), сі́вярнік ‘вецер з поўначы’ (Сцяшк. Сл.), сі́вераць ‘рабіцца шурпатым, асмуглым, грубець ад ветру, холаду (звычайна пра скуру на твары, руках і пад.)’ (ТСБМ), сівярэ́ць ‘халадаць’ (Сцяшк. Сл.). Укр. сі́вер ‘холад; халодны пранізлівы вецер’, рус. арх. си́вер ‘паўночны вецер’. Тлумачыцца з север (сѣверу), дзе и з ѣ (Фасмер, 3, 616), аб умовах гэтага пераходу гл. Карскі, 1, 216. Параўн. се́вер (siévir) ‘сухі сцюдзёны вецер’ (Варл.), семантычна больш ранняя форма, гл. ЭССЯ, 8, 192.

Сі́веркі мн. л. ‘цыпкі’: сі́веркі ўсыпалі ногу (Куч.). Ад сівераць ‘рабіцца шурпатым, трэскацца (пра скуру)’, гл. сівер.

Сіве́ц ‘расліна Nardus L.’ (ТСБМ, Кіс., Касп., Гарэц., Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ЛА, 1). Да сівы (гл.), з-за светла-шэрага колеру расліны. Аналагічна сіве́ц, сіву́ха, сі́ўка — пра сівых мужчыну ці жанчыну (Барад.).

Сівізна́, сіві́зна ‘сівіна, сівыя валасы’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк., Шат., Варл.; ашм., Стан.; даўг., Сл. ПЗБ). Паводле Кохмана (Kontakty, 24), ва ўсходнеславянскія мовы запазычана з польск. siwizna ‘сіваватасць, сівыя валасы’. Аналагічна адносна рус. сивизна́ ‘тс’ гл. Віткоўскі, Słownik, 172.

Сіві́ць ‘паступова сівець’ (Нас.), укр. сі́вити ‘тс’. Да сівы (гл.).

Сі́вы ‘белы, серабрысты (пра валасы)’, ‘колеру попелу; шэры’ (ТС, Нас., Байк. і Некр., Сержп., ТС, Сл. ПЗБ), сівы́ ‘тс’ (ТСБМ, Ласт., ТС, Сл. ПЗБ, Стан.), сы́вы ‘шэры’ (Сл. Брэс.), сіве́ць ‘станавіцца сівым’ (ТСБМ). Укр. си́вий, рус. си́вый, ст.-рус. сивъ, польск. siwy, в.-луж. sywy, чэш., славац. sivý, серб.-харв. си̏в, славен. sív, балг. сив, макед. сив ‘шэры, сівы’, ст.-слав. сивъ. Прасл. *sivъ(jь) ‘сівы, светлы, русы’. Паралелі ў літ. šývas ‘светла-шэры, сівы’, ст.-прус. sywan ‘шэры’, далей у ст.-інд. śyāváh̥ ‘карычневы, цёмна-карычневы’, авест. syāva‑, асец. sau‑ ‘чорны’ (Траўтман, 306; Майргофер, 3, 384), якія працягваюць і.-е. *kʼī‑u̯o < *і.-е. kʼī‑ ‘цёмна-шэры’ з суф. ‑u̯o > прасл. ‑vъ (Борысь, 549). БЕР (6, 633–635), Сной₁ (570–571), як і Покарны (540) узводзяць да і.-е. кораня *kʼei̯‑ ‘цёмны, сівы’. Фасмер (3, 617) сумняваецца ў сувязі з сіні (гл.), якую прапаноўвае Махэк₂ (543, 545), і з сіяць, гл.

Сіг ‘паўночная праснаводная прамысловая рыба сямейства ласасёвых’ (ТСБМ), сіга ‘падуст’ (басейн Нёмана, Жукаў). З рус. сиг, дзе вядома з 1563 г. (Шмялёў, ВСЯ, 5, 193; Чарных, 2, 160 — з пачатку XVI ст.). Паходжанне рускага слова спрэчнае. Большасць даследчыкаў схіляюцца да запазычання з прыбалтыйска-фінскіх моў, параўн. карэл, siiga, вепс. sīg, фін. siika, эст. siig, Р. скл. siia ‘сіг і розныя яго падвіды’ (Фасмер, 3, 617; Анікін, 494; Каламіец, Рыбы, 117–118; Папоў, Из истории, 72).

Сіга́ла ‘вялікая вязка рыбы’ (Сцяшк. Сл.). Магчыма, да сігаць (гл.) па тыпу нізала < нізаць, што, відаць, перадае перыядычнасць рухаў, параўн. сцябаць (гл.).

Сіга́ць ‘скакаць’, ‘бегчы, шпарка ісці шырокімі крокамі’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 1, Нар. сл., ЛА, 2), ‘імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), сігну́ць ‘ступіць’ (Нас.; карэліц., Сл. ПЗБ), сіг ‘крок, скок’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.). Рус. сига́ть ‘скакаць’, сиг ‘скок’. Брукнер (490) адносіць сюды ж і польск. дыял. (у XVI ст. запісана як мазавецкае) sigać ‘кідаць’, а таксама ц.-слав. сиг ‘костка для гульні’ і серб.-харв. си̏га ‘stalactites’. Апошнія два прыклады няпэўныя, у іншых крыніцах не згадваюцца. Бліжэйшыя паралелі бачаць у ст.-інд. śīghráh̥ ‘хуткі, скоры’, ст.-англ. hígian ‘спяшыць, напружвацца, імкнуцца’; гл. Сольмсен, KZ, 38, 143; Майргофер, 3, 348. Іншая версія — ад *sęgati (гл. сягаць) з другасным ‑i‑, як гэта мяркуе Праабражэнскі (2, 248), менш верагодная, аднак для некаторых значэнняў тыпу лаг. sihać ‘дамагацца’ цалкам дапушчальная. Думку Расянена (FUF, 29, 198) аб запазычанні з чув. sik‑ ‘скакаць’, тур. säkmäk ‘тс’ Фасмер (3, 618) адвяргае з прычыны наяўнасці слова ў беларускай мове. Меркаванні Дабрадомава (Бел.-рус. ізал., 39) пра рускае і беларускае слова як булгарызм не пераконваюць.