Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ле́іць ’ліць’ (смарг., Сл. паўн.-зах.). Да ле́яць (гл.).

Лей ’алей’ (Мат. Гом.), лей, леі ’тс’ (калінк., Сл. паўн.-зах.), бран. лей ’тс’. Адпадзенне пачатковага а‑ пад уплывам дзеяслова ліць. Да але́й (гл.).

Ле́йба ’неахайная, гультаяватая асоба’ (брэсц., Нар. лекс.), клец. ’смаркаты, неахайны чалавек’ (там жа). Разам з польск. лэнчыцк. lejba ’вялікае, нязграбнае адзенне, халат’ запазычана з ням. дыял. leib ’блуза, кофтачка’ (Слаўскі, 4, 121), магчыма, праз ідыш.

Лейбік ’безрукаўка’ (Малч. Компл.). Запазычана з польск. lejьik, lajьik ’прасторны жаночы жакет, візітка’, ’мужчынскі кафтан’, ’верхняя частка ваеннага мундзіра’, якое разам з чэш. lajьik, славац. lajьik, серб.-харв. ла}бек, ла/б, славен. lajьie паходзіць з ням. дыял. leib ’камізэлька, блузка, гарсэт’, ням. Leibchen ’безрукаўка’ (Слаўскі, 4, 121).

Ле́йзіць, ляйдзіць ’гаварыць недарэчнае, пляткарыць’ (маст., свісл., карэліц., ваўк., Сл. паўн.-зах.), (грубае) лей‑ дзіць ’расказваць’ (Сцяшк. Сл.). Балтызм. Параўн. літ. lei- dinti ў выразе: liežuviais apsilėidinti ’быць абгавораным’ (Сл. паўн.-зах., 2, 714).

Ле́йка1 ’прыстасаванне ў выглядзе конуса для пералівання і фільтравання вадкасці’, ’палівачка’, ’чарпак для вылівання вады’ (Бяльк., Касп., Яруш., Гарэц.; лях., Сл. паўн.-зах., ТСБМ). Укр. лі́йка, рус. ле́йка, польск. lej, ст.-польск. lej (XIV ст.), lejek, lij, lijek, н.-луж. lějk, lejk, в.-луж. lik, чэш. lejík, lejček, славен. lȋj, lijec, серб.-харв. чакаўск. лиј, леј, істрыйск. ли̏јак, lȉjevak ’тс’. Магчыма, яшчэ прасл. lějь, lějьkъ — спачатку як nomen agentis, а пазней nomen instrumenti (параўн. іншыя ўтварэнні з тым жа коранем: каш. ledło ’лейка’, в.-луж. lijidło ’адліўка’, рус. лия́ло ’адлівачная форма’). Утворана ад леяць (гл.), якое з прасл. lějati (Слаўскі, 4, 119–120).

Ле́йка2 ’вылівак’ (стаўб., Нар. сл.; карэліц., З нар. сл.). Відавочна, паходзіць з е́як < *левак < вылівак; другая частка слова ‑йка — у выніку кантамінацыі з лексемай яйка.

Ле́йстры ’рэестр’ (Мядзв.), ’запісная кніга гандляра з даўгамі’ (Шат.), ст.-бел. лейстръ і інш. гл. Булыка, Запазыч., 277. Укр. лейстер ’рэестр’, лейстровик ’рэестравы казак’. Запазычана з польск. rejestr, rejestry, якое з с.-лац. regestrurtK < лац. regestum ’запісанае’ (Фасмер, 2, 460; Шат. 146). Пачатковае л‑ у выніку распадабнення р — р. Гл. таксама рэестр.

Лейт, ст.-бел. лейтъ, лейть ’чорнарабочы дваровы чалавек’ (пач. XV ст.) (Булыка, Запазыч.). З літ. *laitis (К- Яб лонскіс, Liet. žodž. sen., 1941, 114).

Ле́йтар ’кавалак топленага воску, які мае форму той пасудзіны, у якой застывае’ (Анох.). Няясна. Магчыма, з ням. Leiter ’лесвіца’, выгляд якой маюць крыжыкі ў борці, на якія пчолы вешаюць вашчыны. Наступны этап — перанос лексемы з вашчын на воск (Г. Цыхун, вусн. паведамл.).

Лейтэна́нт ’афіцэрскае званне’, ’асоба, якая носіць гэта званне’ (ТСБМ). З рус. лейтенант ’тс’ (з XVII ст.), якое праз ням. Leutenant з франц. lieutenant ’тс’, а першапачаткова ’намеснік’ (< lieu ’месца’ + tenant ’які займае’ — калька з с.-лац. locum tenens ’тс’) (Клюге₁₇, 437; Фасмер, 2, 477; Слаўскі, 4, 123; Крукоўскі, Уплыў, 82).