Пры́тыць (пры́тыты) ’несці цяжкае, валачыць’ (Клім.). Параўноўваюць з серб.-харв. пр̏тити ’накладваць, узвальваць на спіну’, у̀прити ’ўзваліць цяжар на спіну’ (Талстой, Лексика Пол., 17). Запрудскі (дыс., 27) адносіць сюды ж запры́ць ’туга завязаць пры дапамозе закруткі’ (ваўк., Сл. ПЗБ) і пры́тны ’круты’ (гл.) (навагр., Сцяшк.), выводзячы зыходную семантыку ’круціць’. У такім выпадку з’яўляецца працягам прасл. *prъtiti, прадстаўленага ў пры́ткі ’хуткі, вёрткі’ (гл.); да семантыкі параўн. кру́чаны ’непаседлівы’.
Пры́тычкам ’вельмі рана, да ўсходу сонца’ (чэрв., Жд. 3); зыходзячы з ілюстрацыі: я ўнучцы і гавару, каб ўстала ды пры́тычкам і папалола, пакуль сонца не узышло, значэнне вызначана недакладна; правільна, відаць, ’хутка, за кароткі час; адным намаганнем’, параўн. прытычкамі ’ўрыўкамі’ (Шат.). Першапачаткова Тв. скл. назоўніка пры́тычкі, які да прытыка́цца < тыкаць.
Прыты́чына ’збег непрыемных, нечаканых абставін’; ’дамаганне, прэтэнзія’ (Нас.). Укр. прити́чина ’перашкода, затрымка’; ’здарэнне, прыгода’; ’прычына’, рус. ярасл. притычи́на ’прычына; віна’. Ад прытыка́цца ’сутыкацца’. Да тыкаць (гл.). Параўн. пры́тча (гл.), рус. при́тка ’нечаканае здарэнне, прыгода’.
Пры́ўза, прі́вза, прі́зва, пры́взы, прэ́взэ ’палкі, якімі ўзмацняецца стог’ (Выг.), сюды ж пріўзу́к, прузу́к ’раменьчыкі, якімі звязваюцца часткі цэпа’ (Выг.); пры́зва ’пара маладых бяроз, звязаных верхавінамі, якія кладуцца на верх стога’ (Сіг.) з метатэзай элементаў кораня. Параўн. рус. дыял. при́уза, при́у́з, при́вза ’цэп’; ’раменьчык, які змацоўвае біч і дзяржанне цэпа’; ’вяроўка, завязка’, таксама приву́з, при́вуза ’тс’, ст.-рус. привяза ’тс’, славац. privez, priveza ’тс’, серб.-харв. прѝвеза, прѝвезак ’тс’, балг. при́вез ’тс’. Прасл. *privęzъ, *privęza, вытворнае ад *privęzati (Фасмер, 3, 368; БЕР, 5, 700). Гл. пры́вязь, прузак.
Прыўкра́сны ’прыгожы’ (Караткевіч), прывукра́сны ’тс’ (рагач., Мат. Гом.). Рус. смал. привукра́сить ’упрыгожыць’, пск. преукрасе́я ’прыгажуня’. Лічыцца вытворным ад дзеяслова, запазычанага з рус. приукра́сить ’упрыгожыць’ (Пацюпа, Гармонія, 25). Інакш Карскі (2–3, 51), які ў адносінах да дыял. прыўкрасны (привкрасный) (себеж., Мат.) дапускае трансфармацыю ст.-бел. пре‑ ў при‑ (гл. пры‑) па фанетычных прычынах ці па аналогіі, параўн. ст.-слав. прѣоукрасити ’ўпрыгожыць’ прыоукрасити: оукрасивъ сѧ ’ўпрыгожыўся’, гл. таксама ўкрасіў: хлапец няўвошта ўкрасіў (“Энеіда навыварат”). Магчыма, таксама кантамінацыя прыго́жы і *украсны (дзеепрыметнік ад украсіць, гл.), падрабязна гл. Цыхун, Супр. чыт., III, 130–131.
Прыўлашча́ць, прыўла́шчыць, прыўла́шчваць ’прысвойваць’ (Нас., Байк. і Некр., Бяльк.). Працягвае ст.-бел. привлащати, прывлащати ’тс’, якое са ст.-польск. przywłaszczać, przywłaszczyć ’тс’, апошняе лічыцца калькай са ст.-чэш. přivlastniti (Булыка, Лекс. запазыч., 197; SFPS, 13, 24; інакш Банькоўскі, 2, 954). Іншыя ўсходнеславянскія формы таксама з польскай, параўн. рус. привласти́ть ’завалодаць, прысвоіць’, укр. привлаща́ти, привласти́ти ’прысвойваць, прысвоіць’.
Прыўле́сны ’ласкавы (пра дзіця)’ (добр., ЛА, 3). З рус. преле́стный, параўн. прыўкра́сны (гл.).
Пры́ха, мн. л. пры́хы ’губа ў каня, каровы’ (баран., лях., пін., Сл. ПЗБ), ’храпа ў каня’ (пін., Шатал.; Сл. Брэс.), ’пыса; непакрытая шэрсцю частка пысы ў каровы, каня’ (Нар. сл., Сл. Брэс.; ЛА, 1), пры́шка ’мордачка’ (Сіг.). Да прыса (гл.).
Пры́хадзень ’прышэлец, прыблуда’ (ТСБМ, Янк. 3., Нар. Гом.; ашм., Стан.), прыхо́дзень ’які прыйшоў з другога месца, прышлы’ (Ласт.), сюды ж прыхажа́кі ’прышлыя людзі’, прыхо́джы, прыхо́жы, прыхаджа́лы ’прышлы, нетутэйшы’, маст. прыхо́джы перан. ’запазычаны’ (паст., віл., трак., смарг., навагр., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. приходень ’прышлая асоба; чужаземец’, якое, паводле Жураўскага (SOr, 10, 40), запазычана з польск. przychodzień ’тс’, што, на думку Вярхова (Аб нек. асабл., 34, 37), неабавязкова ў сувязі з прадуктыўнасцю словаўтваральнага тыпу. Ад прыходзіць (гл. хадзіць) з розным суфіксальным афармленнем.
Пры́хамаць ’капрыз, недарэчнае, надуманае жаданне’ (ТСБМ), ’забабонны сродак; забабоны’; ’чароўныя веды’ (Нас., Гарэц.), ’забабоны, лячэнне нагаворамі’ (Бяльк.), при́хамить ’сімвалічны знак, абрад, які мае агульныя рысы з чарадзействам і незразумелы для пабочнага гледача’ (Мядзв.), прихамети ’забабоны’ (Кос.), прыхаме́ты ’тс’, прыхаме́та ’прыкмета’ (Бяльк.), прыхамати ’байкі, забабоны’ (Растарг.), пры́хаматлівы ’прымхлівы, які верыць забабонам’, пры́хаматны ’знамянальны па якіх-небудзь забабонных прыкметах’ (Нас.), прыхаме́тнік ’вядзьмак’ (Бяльк.). Рус. смал., бранск. при́хомоть ’забабонная прыкмета, забабоны, павер’е’, бранск. при́хомати, при́хомять, смал. прихоме́ты, прихомётка ’тс’, прихоме́тник ’вядзьмак’, прихоме́тница ’вядзьмарка’. Цёмнае слова. Можна выказаць толькі некалькі меркаванняў. Пры‑, відавочна, прыстаўка, параўн. яшчэ пры́шамець ’незвычайная з’ява’ (Варл.), што дазваляе выдзеліць экспрэсіўны элемент ха‑, які чаргуецца з ‑ша‑ (параўн. Махэк₂, 203: пад chomrstati). Няяснай застаецца фіналь слова (ад *męti?). Не выключае, што разглядаемае слова — гэта вытворнае ад пры́мха (гл.) з суф. ‑от і ‑ь (гл. аб суфіксацыі Карскі 2-3, 30–31): *прымх‑оть і з наступнай метатэзай і о ўстаўным — *прыхомоть > прыхамаць. Але гэта няпэўна.