Прыўкра́сны ’прыгожы’ (Караткевіч), прывукра́сны ’тс’ (рагач., Мат. Гом.). Рус. смал. привукра́сить ’упрыгожыць’, пск. преукрасе́я ’прыгажуня’. Лічыцца вытворным ад дзеяслова, запазычанага з рус. приукра́сить ’упрыгожыць’ (Пацюпа, Гармонія, 25). Інакш Карскі (2–3, 51), які ў адносінах да дыял. прыўкрасны (привкрасный) (себеж., Мат.) дапускае трансфармацыю ст.-бел. пре‑ ў при‑ (гл. пры‑) па фанетычных прычынах ці па аналогіі, параўн. ст.-слав. прѣоукрасити ’ўпрыгожыць’ прыоукрасити: оукрасивъ сѧ ’ўпрыгожыўся’, гл. таксама ўкрасіў: хлапец няўвошта ўкрасіў (“Энеіда навыварат”). Магчыма, таксама кантамінацыя прыго́жы і *украсны (дзеепрыметнік ад украсіць, гл.), падрабязна гл. Цыхун, Супр. чыт., III, 130–131.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)