Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Азгры́вы (Шат.). Гл. вазгра і аскарак.

Аздабні́чка ’дзяўчына, якая доўга прыхарошваецца перад люстэркам’ (КЭС, лаг.). Гл. аздоба.

Аздзівя́ліць ’азадачыць, ударыць, стукнуць, выпіць’ (Нас.). Нас., 361, параўноўвае з адзевуліць (гл.). Гэтыя словы звязаць цяжка з прычыны цьмянага вакалізму і кантамінацыйнага словаўтварэння. Калі да дзіва, дзід (гл.), тады з адзівуліць. Параўн. абакуліць (гл.).

Аздо́ба (БРС, КЭС), ст.-бел. оздоба ’тс’ (1592) (Нас. гіст.), укр. оздоба. Мабыць, запазычанне з польск. ozdoba.

Азе́л ’марока’, азеліваць марочыць’ (Бяльк.), азяляць ’марочыць, спакушаць’ (Нас.), азяліцца ’адурэць, як выпіўшы зелля’ (Арх. Бяльк., Нас.), азяленне ’ап’яненне’ (Гарэц.), азяліць ’затлуміць, ап’яніць’ (Яўс.), азяліцца зелле (Гарэц.). Параўн. озелить ’зачараваць зеллем’, озел ’вядзьмарства’ (Дабр.). Беларускае новаўтварэнне ад зелле (Мартынаў, SlW, 65). Гл. Фасмер, 3, 125.

Азіля́ць ’марочыць, ачмураць’ (Бяльк.). Гл. азел.

А́зірк ’позірк, погляд’ (Бяльк.), азіркам ’аглядаючыся’ (Бяльк.). Гл. зыркаць.

Азла́шчы ’асабліва, тым больш’ (Арх. Бяльк., Гарэц.) < польск. a zwlaszcza.

Азна́йміць (Др.-Падб., Яруш.), азнаймавацца (Нас.), азнайменне (Нас.), ст.-бел. ознаймати ’паведамляць, аб’яўляць’ (1563), ознаймити(ся) (1542), ознайменный (1517), ознайменье, ознаймовати(ся) (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. oznajmić (się) (Мартынаў, SlW, 68).

Азно́б (БРС), азноба ’балячка, прастуда, азноб, зайздрасць’ (Нас.). Гл. знабіць.