Аска́рак ’цвёрды засушаны агрызак хлеба’ (кліч., вусн. паведамл. Выхоты). Утворана паводле мадэлі а‑ + корань назоўніка + ‑ак (о‑ + корань + ‑ъkъ), як і апёнак са значэннем ’тое, што знаходзіцца побач з прадметам, пазначаемым коранем’. Корань ‑скар‑ адцягнуты, напэўна, ад скарынка (гл.), дзе, аднак, адлюстроўвае корань скор‑ і а пад націскам павінна было ператварыцца ў о, але дээтымалагізацыя кораня ў скарынка і падобных утварэннях прывяла да ўспрыняцця кораня з а‑ незалежна ад націску. Параўн. яшчэ аскор.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)