Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трысце́н1, трысце́нь ‘прыбудова да хаты з трох сцен’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Жд. 1, Нар. Гом., Вушац. сл., Варл.; докш., Янк. Мат., Бяльк., Мат. Гом., Др.-Падб.), ‘прыбудоўка з трыма сценамі да хаты, аддзеленая ад яе сеньмі, якая служыць за камору’ (Кліх), трысьце́н ‘сенцы’ (круп., ЛА, 4), трысце́нка ‘прыбудова да хаты з трох сцен’ (Жд. 1), трысце́нак, трысце́ннік ‘тс’ (Сцяшк., Ян.; глус., Янк. Мат., Жд. 1; віл., Жыв. сл., Янк. 2; ст.-дар., ЖНС), трысце́нік ‘тс’ (астрав., Сл. ПЗБ); трысцён (снапоў) ‘старана ў гумне, заложаная снапамі аднаго віду збожжа’ (бых., ЛА, 5), трысце́нак ‘хлеў’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Гом.; в.-дзв., Шатал.; шчуч., З нар. сл.), ст.-бел. тристенъ ‘прыбудова з трох сцен’ (1754 г., ПГС), хлѣвок тристенный (1591 г., ГСБМ). Як паказвае старабеларускае словазлучэнне, лексема трысцен(ь) — вынік семантычнай кандэнсацыі на базе тры (гл.) і сцяна (гл.). Лексічныя адпаведнікі ёсць у літоўскіх і латышскія гаворках: літ. trisiẽnis ‘старана ў гумне’, trisiẽnis, trusiẽnis ‘прылазнік’, лат. trisienis, trisens, trisiens(is), trisins ‘зруб калодзежа’; усе яны ўзыходзяць да trỹs ‘тры’ + síenis ‘сцяна’, ‘мяжа’. Параўн. таксама літ. trìsienis ‘трохграннік’, trisiẽnis ‘трохгранны’.

Трысце́н2, трысьце́нак ‘трохграннік’ (Байк. і Некр.). Калька з польск. trójścian ‘тс’.

Трысце́нь ‘вялікая ручайка пражы ў дзве або ў тры ніткі’ (арш., Бяльк.), ‘клубок нітак’ (віц., круп., Трух.). Утворана ад трысці́ць (гл.) пад уплывам лексемы прасце́нь1 ‘мера палатна ў даўжыню’ (гл.), якое з пра- < літ. priẽ ‘каля, ля, побач з, пад’ і сцень < сцяна́ (гл.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад прасце́нь ‘адно верацяно’, ‘верацяно, зматанае з двух верацёнаў’, што звязана з тэхналогіяй снавання на сценах хаты. Параўн. про́сцень ‘тс’, якое Трубачоў (Ремесл. терм., 101) выводзіць ад просты, гл.

Трысцё ‘трыснёг, Phragmites communis Trin.’, ‘пласцінкі ў бёрдзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Др.-Падб.), трысцё, тра́сце ‘пласцінкі ў бёрдзе’ (Мат. Гом.), трысте́ ‘тс’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. тростье, тростие ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. трістя ‘чарот’, ‘балота’, рус. зборн. тре́стье ‘чарот, трыснёг’, ‘пласцінкі ў бёрдзе’, польск. trzcia ‘месца, зарослае чаротам’, чэш. třtí зборн. ‘трыснёг’, славац. зборн. trstje ‘тс’, ст.-слав. зборн. трьстиѥ ‘тс’. З прасл. *trьstьje, зборн. ад trъstь, гл. тросць1.

Трысціна́ ‘сцябло трыснягу’ (ТСБМ), трысціна́ ‘палка’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘трыснёг, Phragmites communis Trin.’ (зэльв., ваўк., слонім., віл., ЛА, 1), трысьціна ‘асобная пласцінка ў бёрдзе’ (Нік. Очерки), ‘кій, ляска, мыліца’ (Некр. і Байк.), тросці́на ‘пласцінка ў бёрдзе’ (ТС), ст.-бел. тростина, трисцина, трстина, трыстина ‘чарот’, ‘стрэмка’, ‘трыснёг’ (ГСБМ). Да тросць1, 2 (гл.) з суфіксам адзінкавасці ‑ін‑, гл. трасціна.

Трысці́ць1 ‘зводзіць дзве або тры ніткі ў адну для далейшага сукання’ (Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Мядзв., Варл., Янк. 1, Сцяц., Янк. 1, Сцяц., Сл. ПЗБ; арш., мёрск., в.-дзв., Шатал.; мсцісл., Жыв. сл.; рагач., Арх. ГУ, ЛА, 4, Мат. Маг.; круп., Нар. сл.), ‘падрыхтоўваць ніткі для сукання’ (Жд. 2), тросці́ць ‘тс’ (ТС), трасці́ць ‘тс’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. рус. тростить, тра́щивать, трестить ‘скручваць, звіваць, сплятаць, віць (вяроўку), сукаць, здвойваць пражу на верацяне’, ‘зліваць, ссыпаць у адно месца’, ‘змешваць’: не трости жита с ячменем (Даль), сюды ж, відаць, і балг. дыял. тръсти́на ‘вяроўка з конскага хваста або грывы’. Паводле Мяркулавай (Очерки, 47), дзеяслоў вытворны ад *trъstь/*trьstь (гл. тросць1;) з двума супрацьлеглымі значэннямі ‘віць, звіваць’ і ‘драбіць, расшчапляць на часткі’ (гл. трысціць2). Вывядзенне дзеяслова з тросць1 пацвярджаецца выразай трысьці́ць бе́рда ‘ўстаўляць новыя трысцінкі ў бёрдзе замест выпаўшых або паламаных’ (Нік. Очерки), а таксама трысці́ць аснову ‘ўводзіць аснову ў бёрда’ (там жа), трасці́ць ‘рабіць новае бёрда, устаўляць у яго трасцінкі’ (в.-дзв., Шатал.). Крытычны разгляд ранейшых версій з канстатацыяй іх недастатковай агрументаванасці гл. у Фасмер, 4, 108. Сюды ж трэ́шчаны ‘ссуканы’ (Сцяшк. Сл.; чэрв., ст.-дар., лід., Сл. ПЗБ), тры́шчаны ‘злучаны з 2–3 столак, нітак’ (Нас.; мсцісл., Жыв. сл.), трышчо́ны ‘злучаны разам (пра ніткі)’ (Ск. нар. мовы, Сцяц., Янк. 1, Мат. Гом.), тро́шчаны ‘складзены ўдвая’ (стол., ЛА, 4), тро́шчэны ‘ў якім зведзены дзве ніткі разам’ (ТС).

Трысці́ць2 ‘біць, разбіваць’ (Мат. Маг.), ‘ламаць з трэскам, без разбору’ (Юрч. Сін.), ‘ламаць на дробныя кавалкі, трэскі’ (Растарг.), тры́сціць ‘ламаць што-небудзь слаістае’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж тры́шчыць ‘рабіць, шчапаць, ламаць’ (Нас.) і трашчыць2 (гл.). На рускай тэрыторыі — толькі на мяжы з беларускай, параўн. рус. смал. растрысти́ть ‘драбіць на кавалачкі’, потрысци́ть ‘пашчапаць, паламаць на дробныя часткі’ (Дабр.). На думку Мяркулавай (Очерки, 47), ідэнтычна паводле паходжання трысціць1 (гл.), што, відавочна, грунтуецца на фіксацыі Даля (без указання тэрыторыі) рус. трести́ть лучину «расшчапляць мелка, на запалкі» ад тре́ста ‘чарот, траснік’. Аднак больш шырокая семантыка дазваляе зблізіць словы з іншымі дзеясловамі з варыянтным вакалізмам, як у трусці́ць ‘біць, разбіваць на кавалкі’, тру́шчыць, тру́скаць (гл.), укр. тро́скати ‘ўдараць пугай’, польск. trzaskać ‘раптоўна ўдараць па чым-небудзь, выклікаючы моцны розгалас’, ‘біць, таўчы’, ‘лопацца з трэскам’, чэш., славац. trosky ‘абломкі, рэшткі, руіны’, харв. trȍska, серб. тро̏ска ‘гараль, акаліна’, ‘шлак’, што да прасл. *trъstiti/*troskati гукапераймальнага паходжання, гл. троскат, трэск. Параўн. Фасмер, 4, 107; ЕСУМ, 5, 649; Борысь, 647.

Трысці́ць3 ‘крыць хату’, ‘перабудоўваць хату’ (слуц., Жыв. сл.). Відаць, пашырэнне значэння трысціць1 ‘складваць, злучаць’, магчыма, з канкрэтызацыяй ‘пакрываць чаротам’, што да тросць1, трысцё, гл.

Трысцьні́к ‘сухое галлё, хвораст’ (Бяльк.). Нягледзячы на фармальнае падабенства да трысцё (гл.), па семантыцы не можа быць выведзеш з тросць1, трасьнік ‘чарот, сітнік’ (гл.), хутчэй да труск ‘дробныя галінкі’ (гл.), параўн. і трушні́к ‘сухое галлё, якое збіраюць у лесе’ (Арх. Вяр.), што да варыянтнай асновы *trěsk‑, *trosk‑, *trusk‑, *trysk‑ (Брукнер, 579; Фасмер, 4, 110); параўн. тры́сціць ‘біць, ламаць’ (гл.).

Трысця́нка ‘шматгадовая травяністая расліна сямейства злакавых, Scolochloa Link.’ (ТСБМ, Кіс.), народная назва тро́скі (там жа). Варыянт з гістарычным чаргаваннем о́, якое, аднак, непаслядоўна праводзілася (Векслер, Гіст., 217), гл. трасця́нка, параўн. рус. тростя́нка ‘тс’, якое да трость ‘чарот’ з-за знешняга падабенства, параўн. троска3 (гл.).

Трысцяны ў песні: Перапёлка, / Трысцяно гняздзечка, / Залато яечка, / Перапёлачка (Ант.), параўн. ст.-бел. тростяный ‘трысняговы’ (Скарына, ГСБМ). Да трысцё (гл.).

Трытату́шка, тарадэ́йка (гл.) ‘пустабрэх, які многа гаворыць’ (Мат. Маг. 2). Ад гукапераймання тра-та-та (гл.); пачатак слова можа быць звязаны з польск. tryt ‘драўляная педаль у машынах’ (у тым ліку ў калаўротку), стук якой падобны да тарахцення, балбатні, што з ням. Tritt < Trittbrett (an Maschinen), гл. Вінцэнц.

Трыто́н ‘хвастатае земнаводнае, падобнае на яшчарку, Friturus L.’ (ТСБМ; маг., ЛА, 1), трыто́н, тріто́н ‘тс’ (віц., Грач.). Паходзіць ад грэч. Τρῖτων ‘міфічная марская істота’, назва распаўсюдзілася праз заходнееўрапейскія мовы (франц. triton), запазычана з рус. трито́н ‘род земнаводных’ (ЕСУМ, 5, 641; Фасмер, 4, 103; Арол, 4, 104).