Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тры ‘лік і лічба 3’, ‘колькасць, абазначаная лічбай 3’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4, Ян., ТС, Сл. ПЗБ), трі ‘тс’ (Бяльк.), ст.-бел. три, тры ‘лік, колькасць 3; група з трох чалавек’, трии ‘тс’ (ГСБМ). Звяртаецца ўвага на спалучэнне ў народнай мове няпарных лічбаў: тры пяць ‘тры разы па пяць’ (адсюль народнаэтымалагічнае тлумачэнне назвы Прыпяць), тры дзевяць — колькасць вугалькоў пры зняцці ўрокаў і інш. (Кольб., 441). Укр. три, трийе (м. р.), рус. три, стараж.-рус. трье (м. р.), три (ж. і н. р.), польск. trzej ‘трое мужчын’, trzy, ст.-польск. trzy (з XV ст.), trze (м. р. асабовы), н.-луж. tśo (пра мужчын), tśi, в.-луж. tři (ж. і н. р.), tšo (м. р.), палаб. tåri; чэш. tři, ст.-чэш. tři (ж. і н. р.), třie (м. р.); славац. trî (ж. і н. р.), traja (м. р.), славен. tri (ж. і н. р.), tríje (м. р.), харв. trî, серб. три̂, макед. три, балг. три́(те), ст.-слав. триѥ (м. р.), три (ж. і н. р.). Прасл. *trьje (м. р.), *tri (ж. і н. р.) роднаснае ст.-інд. tráyah (м. р.), trī, tríni (н. р.), авест. vrayō, арм. erek‘, ст.-грэч. τρετς, дыял. τρέες, τρης, алб. tre, trí, лац. trēs, оск. trís, вал. tri, тахар. A tre, хецк. tri, ст.-ісл. þrír, гоцк. þreis, þreja, літ. trys, лат. trî < і.-е. *trei̯‑ ‘тры’, *trei̯o‑/*troi̯o ‘трое’ (Фасмер, 4, 101–102; Чарных, 2, 262; Скок, 3, 500–501; Махэк₂, 657; Брукнер, 580; Борысь, 651; ЕСУМ, 5, 634; Бязлай, 4, 224–225; Новое в рус. этим., 235–237; ESJSt, 16, 983).

Трыб1 ‘квартальная вузкая прасека ў лесе, лясная прамая дарога’ (Сл. Брэс.; пруж., Яшк.; кам., Жыв. НС; кобр., Скар. НМ), тры́ба ‘прасека ў лесе для лакалізацыі ачага пажару ці размежавання лясных кварталаў’ (Скарбы; Чыгр.; слонім., Жыв. НС, Сцяц.; шчуч., З нар. сл., Сцяшк.; шчуч., воран., Сл. ПЗБ), трэб (треб) ‘граніца, мяжа’ (Дабрав.), трэ́ба ‘прасека, прагал’ (Сл. Брэс.), трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай’ (пруж., Чэрн.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘кірунак, лінія (у лесе); прасека’ (1554 г.), трыба ‘тс’ (1608 г.), трыбокъ ‘тс’, трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600 г.) (ГСБМ). Праз польск. tryb ‘дарога, сцежка’, tryba ‘тс’, ‘вузкая паласа поля, загон’, ‘мяжа’, ‘прасека’ з с.-в.-ням. trib ‘выган, паша’, н.-в.-ням. Trieb ‘дарога, па якой ганяюць быдла, прагон’, ‘плынь, цячэнне’ (Вінцэнц), што да с.-в.-ням. tríben ‘гнаць, праганяць’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 59), ст.-в.-ням. tríban, гоцк. dreiban, англ. drive ‘тс’, ‘прыводзіць у рух’ (SWO, 1980, 778; Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 634). Ст.-бел. трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600) запазычана са ст.-польск. trybować < с.-в.-ням. tríben ‘гнаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 93; Вінцэнц).

Трыб2 ‘жыццёвы шлях’ (Варл.): ніякім тры́бам ‘ніяк, ніякім спосабам’ (Ян.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘парадак, звычай’ (Ст.-бел. лексікон), ‘спосаб, устаноўлены парадак’ (1588 г., ГСБМ). Апошняе запазычана са ст.-польск. tryb, якое з нова-в.-ням. Trieb ‘плынь, цячэнне’, што, паводле Вінцэнца (гл.), з’яўляецца метафарай на базе значэння ‘дарога’.

Тры́ба1 ‘шасцярня малатарні’ (ТСБМ; карэліц., нясвіж., Нар. словатв.; драг., Жыв. сл.). З польск. tryb ‘шасцярня’, tryby ‘прыстасаванні, найчасцей шасцярня альбо шэраг шасцерняў, якія пераносяць рух на іншыя часткі машыны’ (< ням. Trieb ‘імкненне’), ‘прывад, цяга’, ‘перадача’ < treiben ‘прыводзіць у рух’ (SWO, 1980, 778; ЕСУМ, 5, 634).

Тры́ба2 ‘кожнае з трох падраздзяленняў, на якія дзялілася насельніцтва Рыма паводле паходжання’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рускую мову запазычана з лац. tribus ‘тс’ < і.-е. *tribh‑ ‘дзяліць, раздзяляць’ (Вальдэ, 1906, 636).

Трыбло́, трэбло́ ‘жывот, страўнік (жывёлы)’ (Рэг. сл. Віц.), ‘пуза, трыбух’ (ТС), трэбло́ ‘тоўсты, няўклюдны і прагны да яды’ (Растарг.), тры́бло ‘пузаты’ (Зайка Кос.), ‘трыбух’ (пін., ЖНС), трабло́ ‘жывот, чэрава’ (Мат. Гом.), трубло́ ‘чэрава’ (рас., ЛА, 1), трыбла́ты, трэбла́ты ‘чэраваты’ (лун., стол., лельч., ЛА, 1; лельч., Нар. лекс.; шуміл., Сл. ПЗБ), ‘тоўсты’ (Сцяшк. Сл., ТС), ‘трыбухаты, з вялікім чэравам’ (кам., Сл. ПЗБ), трыбла́тый ‘тс’ (лун., Шатал.; кам., Жыв. НС), трібластый ‘тс’ (сен., ЛА, 1), трубла́ты ‘тс’ (ельск., там жа). Укр. три́бло ‘вялікі ненасытны жывот’, ‘чалавек, які шмат есць’, рус. пск., смал. требло́ ‘вялікі жывот; тоўсты чалавек, прагны да яды’. Няясна. На сувязь з требух (гл. трыбух) указвае ЕСУМ, 5, 626. Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 135), слова запазычана з літ. driblà ‘той, хто вялікі’, ‘тое, што вялікае’, параўн. і літ. tribuliúoti ‘мяць’. Як праславянскі дыялектызм разглядае *treb(ъ)lo Трубачоў (Труды, 1, 284), роднасны лац. strebula ‘мяса на бёдрах ахвярнай жывёлы’. Гл. таксама трубло.

Трыбны́ ‘сытны (пра страву)’ (лельч., Нар. лекс.). Да трыўны, трыўкі́ (гл.).

Трыбо́к ‘ручка, дэталь прывода медагонкі’ (Анох.). Ад трыб, трыба2 (гл.).

Тры́брат ‘рыбалоўная снасць — крыга або гегні — з драўлянай асновай — палазамі’ (брасл., Лекс. балтызмы, 18). Балтызм, параўн. літ. trìbradis, лат. trijbradis ‘браднік, які вядуць рыбаловы’ < лат. tris ‘тры’ + brist ‘брысці’ (Лаўмане, там жа; Анікін, Опыт, 289). Параўн. іншыя назвы, магчыма, частковыя беларускія калькі: трайнік, трыяк, трыброднік.

Тры́братдзеці ‘траюрадныя браты або сёстры’ (дзісн., Бел. дыял. 3). Слова, запісанае Я. Драздовічам у 20‑х гадах XX ст., спалучае лічэбнік тры (гл.) і вядомае ў смаленскіх гаворках словазлучэнне брат‑дети (брад‑дети) ‘дваюрадныя браты і сёстры’ (ССГ), параўн. збратдзетны ‘дваюрадны’ ў адносінах да дзяцей дзядзькі або цёткі (Панюціч, Лексіка, 35), гл. збратдзеці. Агульнае значэнне слова — ‘браты і сёстры ў трэцяй стрэчы’, гл. стрэча2.

Трыбу́лька ‘скарада, Allium schoenoprasum L.’ (гродз., Кіс.), ‘дробная цыбуля’ (Гарэц.). Параўн. укр. трибу́лька ‘цыбуля-скарада, Allium L.’, трембу́лька ‘тс’, ‘дробная цыбуля для пасадкі’, рус. трибу́лка ‘цыбуля-шалот’. Паводле ЕСУМ (5, 634), назва перанесена з требу́ля ‘маркоўнік цямянечналісты, Anthriscus сеrefolium Hoffm.’, які таксама, як і цыбуля, ужываецца ў кулінарыі ў якасці вострай прыправы. Назва апошняга запазычана праз польскую мову (trzebuła, trzebula, trzebulka, trybulka і з несапраўдным насавым — trębulka), дзе з чэш. třebule (< *čřebule, паводле Бочка (Studia Etym. Brun., 49) < *čerbūlʼa) < італ. cerfoglio, якое ўзыходзіць да лац. cerefolium < ст.-грэч. χαιρέφυλλον (Брукнер, 580; Махэк, Jména, 168–169; Махэк₂, 656). Паводле SWO (1980, 779), узыходзіць да лац. tribulus ‘асот, Sonchus L.’.

Трыбу́н ‘назвы розных службовых асоб у Старажытным Рыме’, ‘грамадскі дзеяч — выдатны прамоўца і публіцыст’ (ТСБМ), ст.-бел. трибунъ ‘службовая асоба ў Старажытным Рыме’ (XVII ст.). Са ст.-польск. trybun < лац. tribūnus ‘чыноўнік’ < tribus; ст.-бел. трибусъ ‘выбарчая акруга ў Старажытным Рыме’, запазычана ў XVI ст. праз ст.-польск. trybus ‘тс’, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 36. Лац. tribūnas роднаснае умбр. trifu < іт. tribhu ‘траціна’ < *tri ‘тры’ (спачатку было тры часткі насельніцтва) і і.-е. *bhū̆/bheu̯‑ ‘быць’ (SWO, 1980, 680–681; Чарных, 2, 262; ЕСУМ, 5, 634).