Трыбу́лька ‘скарада, Allium schoenoprasum L.’ (гродз., Кіс.), ‘дробная цыбуля’ (Гарэц.). Параўн. укр. трибу́лька ‘цыбуля-скарада, Allium L.’, трембу́лька ‘тс’, ‘дробная цыбуля для пасадкі’, рус. трибу́лка ‘цыбуля-шалот’. Паводле ЕСУМ (5, 634), назва перанесена з требу́ля ‘маркоўнік цямянечналісты, Anthriscus сеrefolium Hoffm.’, які таксама, як і цыбуля, ужываецца ў кулінарыі ў якасці вострай прыправы. Назва апошняга запазычана праз польскую мову (trzebuła, trzebula, trzebulka, trybulka і з несапраўдным насавым — trębulka), дзе з чэш. třebule (< *čřebule, паводле Бочка (Studia Etym. Brun., 49) < *čerbūlʼa) < італ. cerfoglio, якое ўзыходзіць да лац. cerefolium < ст.-грэч. χαιρέφυλλον (Брукнер, 580; Махэк, Jména, 168–169; Махэк₂, 656). Паводле SWO (1980, 779), узыходзіць да лац. tribulus ‘асот, Sonchus L.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)