Трэба 1 ‘ахвярапрынашэнне’, ‘рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда), які выконваецца святаром па просьбе веруючых’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. треба ‘ахвяра’ (ГСБМ). Параўн. стараж.-рус. тереба, якое праз ц.-слав. са ст.-слав. трѣба ‘ахвяра’. Паводле Фасмера (4, 95), разумеецца як ‘выкананне абавязку’ і звязана з трэба 2 (гл.). Параўн. таксама палаб. trebe ‘каляды’, больш падрабязна Ферлюга-Пятроніё, Linguistica, 20, 2, 138 і наст. Зафіксаванае на Брэстчыне трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай з незамярзаючым ручаём’ (Чэрн.), а таксама трэ́ба ‘ляда, месца, дзе высечаны лес’ (бяроз., Шатал.), хутчэй з ўсё, не мае непасрэдных адносін да ‘месца, куды прыносіліся ахвяры багам’, а звязана з трыб 1 ‘прасека ў лесе’, гл.
Трэ́ба 2 ‘патрэба, неабходнасць’ (Нас.), ‘клопат, справы’ (Нар. Гом.), ‘неабходна, абавязкова, патрэбна’, ‘пажадана’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Яруш., Мал., Федар. 4, ТС, Кліх, Ян., Растарг., Сл. ПЗБ), ‘належаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘мець патрэбу ў чым- ці кім-небудзь’ (смарг., воран., вільн., шальч., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘быць патрэбным’ (Нас.), тре́ба ‘трэба’ (Бяльк.; Мат. Маг. 2), трэ́бо ‘тс’ (Скарбы₂; слуц., Мат.), ст.-бел. треба ‘патрэба’: ездилъ есми у требе моей до урадника (ПГС), сюды ж трэ́бака ‘тс’ (пін., Нар. лекс.), тра́було, трэ́було ‘трэба было’ (пін., Ск. нар. мовы), трэ́буль ‘тс’ (астрав., там жа); трэ́батка ‘тс’ (Рагаўц.), трэ́бацімя ‘трэба будзе’ (шчуч., З нар. сл.). Параўн. укр. тре́ба ‘трэба’, зах.-укр. трі́ба ‘патрэба, спроба’, рус. зах. треба ‘патрабаванне’: по требе явиться (Даль), польск. trzeba ‘трэба, неабходна, варта, як належыць, патрэбна было б’, каш. třeba ‘трэба’; н.- і в.-луж. trjeba ‘патрэбна, неабходна’, чэш. třeba ‘тс’, ‘нават, хаця’, ‘хаця б’, ‘можа быць’, ‘бадай што, мабыць’, славац. treba ‘трэба, патрэбна, належыць’, trebars ‘хаця’, славен. tréba (je), харв. trijéba, серб. тре̏ба ‘патрэбна’, дыял. цімак. тре́бе ‘тс’, балг. трѐба ‘грамадская справа’, макед. треба ‘быць неабходным, патрэбным’, ст.-слав. трѣбѣ (ѥсть) ‘патрэбна, трэба, неабходна’. Прасл. *terba ‘патрэба, неабходнасць’ рэканструюць на падставе матэрыялу часткі славянскіх моў, разглядаючы яе як аснову, варыянтную ў адносінах да і.-е. *terp‑: ст.-прус. enterpo ‘ўжывае, патрабуе, патрэбны’, літ. tar̃pti ‘квітнець’, гоц. þaúrban ‘патрабаваць’, þarbs ‘неабходны, патрэбны’, ст.-в.-ням. durfan, thurfan ‘патрабаваць’, ням. dürfen ‘магчы; мець дазвол’, ст.-грэч. τέρπώ ‘насычаюся; маю досыць; радуюся, весялюся’, ст.-інд. tŕ̥pyati, tárpati ‘насычацца’ (Борысь, 648; Фасмер, 4, 96; Сной₂, 779; ESJSt, 16, 979). Беларускія і ўсходнеславянскія формы разглядаюцца як запазычаныя з царкоўнаславянскай або польскай (гл. Анікін, РЭС, 9, 204; Цвяткоў, Запіскі, 2, 63), што, улічваючы шырокае іх распаўсюджанне, здаецца малаверагодным і ставіць пад сумненне прапанаваную этымалогію (пра поўную яе няяснасць гл. ESJSt, 16, 979). Скок (3, 501) мяркуе, што першасным значэннем прасл. *terb‑ было ‘церабіць’, і ўтвораны ад дзеяслова *terbiti (гл. церабіць) назоўнік *trěba абазначаў ‘праца’, пазней — ‘карчаванне’, якое было вельмі патрэбным у жыцці ранніх славян, таму развілося значэнне ‘патрэба ўвогуле’ > ‘патрэба, неабходнасць’; паводле Трубачова (Этимология–1994–1996, 25) — ‘вострая неабходнасць, справа’. У ЕСУМ (5, 626) прасл. *terba ‘патрэба, неабходнасць’ звязваецца з *terbiti ‘ачышчаць ад лупінаў’, ‘церабіць’, ‘карчаваць’, ‘мяць’, ‘пакладаць’. Сюды ж трэ́баваць ‘быць у цечцы (пра свінню)’ (Юрч. СНЛ).