Тру́шчыць ‘біць, ламаць, крышыць, разбураць крохкае, далікатнае’ (Янк. 3.), тры́шчыць ‘тс’ (Нас.), трю́шчыць ‘тс’ (Бяльк.), тру́шчыць ‘многа есці неспажыўнога’ (Янк. 3.), ‘есці са смакам, з апетытам’ (Адм.), ‘есці, хрумстаць’ (іўеў., Сл. ПЗБ), тру́шчыць, тро́шчыць ‘ламаць, разбіваць; есці з хрустам’ (ТС), трушчэ́ць ‘расціскаць’, ‘лузаць арэхі’ (Варл., капыл., ЛА, 1), трушчэ́ць, трушча́ць ‘хрусцець (пра снег, лёд пад нагамі)’ (Нас., Байк. і Некр.). Відаць, узыходзіць да труск ‘друзачкі, дробныя частачкі’ з варыянтным вакалізмам, характэрным для экспрэсіўных слоў (Сной у Бязлай, 4, 233), параўн. тру́сціць ‘ламаць, разбіваць на кавалкі’ (Нас., Некр. і Байк.). Параўн. укр. дыял. тру́щити ‘лушчыць’, якое разглядаецца як вынік кантамінацыі трощити ‘ламаць, разбіваць’ і лущити ‘лушчыць’ (ЕСУМ, 5, 662). Падабенства з літ. triùškinti, дыял. triùškyti ‘біць, разбіваць з хрустам’, triuškéti ‘хрумстаць пры разжоўванні ежы’ насуперак Лаўчутэ (Балтизмы, 133) не дае падстаў лічыць запазычаннем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)