Трысце́н1, трысце́нь ‘прыбудова да хаты з трох сцен’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Жд. 1, Нар. Гом., Вушац. сл., Варл.; докш., Янк. Мат., Бяльк., Мат. Гом., Др.-Падб.), ‘прыбудоўка з трыма сценамі да хаты, аддзеленая ад яе сеньмі, якая служыць за камору’ (Кліх), трысьце́н ‘сенцы’ (круп., ЛА, 4), трысце́нка ‘прыбудова да хаты з трох сцен’ (Жд. 1), трысце́нак, трысце́ннік ‘тс’ (Сцяшк., Ян.; глус., Янк. Мат., Жд. 1; віл., Жыв. сл., Янк. 2; ст.-дар., ЖНС), трысце́нік ‘тс’ (астрав., Сл. ПЗБ); трысцён (снапоў) ‘старана ў гумне, заложаная снапамі аднаго віду збожжа’ (бых., ЛА, 5), трысце́нак ‘хлеў’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Гом.; в.-дзв., Шатал.; шчуч., З нар. сл.), ст.-бел. тристенъ ‘прыбудова з трох сцен’ (1754 г., ПГС), хлѣвок тристенный (1591 г., ГСБМ). Як паказвае старабеларускае словазлучэнне, лексема трысцен(ь) — вынік семантычнай кандэнсацыі на базе тры (гл.) і сцяна (гл.). Лексічныя адпаведнікі ёсць у літоўскіх і латышскія гаворках: літ. trisiẽnis ‘старана ў гумне’, trisiẽnis, trusiẽnis ‘прылазнік’, лат. trisienis, trisens, trisiens(is), trisins ‘зруб калодзежа’; усе яны ўзыходзяць да trỹs ‘тры’ + síenis ‘сцяна’, ‘мяжа’. Параўн. таксама літ. trìsienis ‘трохграннік’, trisiẽnis ‘трохгранны’.

Трысце́н2, трысьце́нак ‘трохграннік’ (Байк. і Некр.). Калька з польск. trójścian ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)