Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Таўпе́ка ’непаваротлівая, няўдалая жанчына’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. товпі́га, товпи́га ’тоўсты, нязграбны чалавек’, рус. толпы́га, толпе́га ’хто пхаецца ў натоўпе; непаваротлівая, нязграбная асоба’. Хутчэй за ўсё, аддзеяслоўны назоўнік ад таўпіць, таўпехацца, гл. Украінскае слова звязваюць з товба (гл. тоўба, ЕСУМ, 5, 589), рускае — з толпа (гл. таўпа, Фасмер, 4, 74).

*Таўпе́ня, тоўпе́ня ’тоўчаная бульба, камы’ (ТС). Ад таўпіць (гл.), аналагічна да таўкеня, гл.

Таўпе́сіцца ’тоўпіцца’ (Стан.), сюды ж таўпясня́, таўпяшэ́нне ’штурханне ў вялікай цеснаце’ (Юрч. Вытв.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад таўпіцца ’тс’, гл. таўпіць.

Таўпе́хацца ’блытацца пад нагамі’ (валож., Гіл.), ’таўхацца, хадзіць бязладна’ (Сцяшк. Сл.), ’пхацца, лазіць між натоўпу’ (Варл.). Аналагічна да папярэдняга слова, гл.

Таўпі́ць ’звальваць у адно месца; запіхваць у натоўп’ (Нас.), то́ўпіць ’змяшчаць, месціць’ (Ласт.), таўпі́цца ’змяшчацца; пхацца ў натоўп’ (Нас.), ’ствараць натоўп’, то́ўпіцца ’змяшчацца, збірацца; ісці клубамі (пра дым)’ (Сл. ПЗБ), ’нацягваць (пра хмары)’ (Пятк. 2), тоўпі́цца ’змяшчацца; гуртавацца’ (ТС), товпі́тісе ’збірацца’ (Вруб.). Параўн. укр. дыял. то́впити ’націскаць, натоптваць, напіхваць’, товпи́тися ’ўціскацца, упіхвацца’, рус. толпи́ться ’ствараць натоўп’, польск. дыял. tłopić, tłupić ’тс’, балг. тълпя́ се ’збірацца ў натоўп, глуміцца’. Прасл. *tъlpiti (sę)/*tьlpiti (sę), роднаснае літ. tilpti ’даваць месца, змяшчаць’, лат. tìlpt ’змяшчацца’, ірл. tallaim ’знаходжу месца’. Меркаванне пра запазычанне то́ўпіцца (параўн. і стоўпіцца ’змясціцца’, утоўпіцца ’тс’) з літ. talpìnti(s) ’змяшчацца’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73) без дадатковых аргументаў цяжка прыняць; параўн. талопіцца, гл.

Таўпо́рыць ’мясіць, запіхваць’ (Юрч. Вытв.), таўпо́рыцца ’мітусіцца, вазіцца з чым-небудзь’ (Нас., Стан.); сюды ж таўпо́ра ’неакуратная, неахайная асоба’ (Юрч. Вытв.), таўпо́ранне ’важданне з чым-небудзь, мітусня’ (Нас.), ’штурханне ў цеснаце’ (Юрч. Вытв.), таўпа́рня ’валтузня, цісканіна, таўкатня, катавасія’ (Ласт.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад таўпіць (гл.), аналагічнае да таўморыць, гл.

Таўро́ ’кляймо, распазнавальны знак’ (ТСБМ, Ласт.), ’кляймо, штэмпель’ (Некр. і Байк.). Укр., рус. тавро́ ’тс’. Тлумачаць з тур. tuɣra ’манаграма султана’ (Фасмер, 4, 8; Анікін, 521), параўн. ст.-цюрк. tuɣraɣ ’манаграма, пячатка хана, распараджэнне хана’.

Та́ўрыць ’чэзнуць, чарнець, сохнуць ад скрухі ці працяглай хваробы, марнець, сохнуць’: таврить надъ грошами (Нас.), таўры́ць ’чэзнуць, сохнуць ад скрухі’ (Бяльк. і Некр.). Няясна; відаць, звязана з ча́ўраць ’чахнуць’ (гл.), параўн. твэ́рыць/чвэ́рыць (гл.); адносна магчымага t < č у балтыйскіх мовах гл. Смачынскі, 696.

Таўсма́ты ’таўставаты; моцна складзены (пра чалавека)’ (ТСБМ), ’прысадзісты, моцны (пра асобу, жывёлу, дрэва)’ (Янк. 1), ’таўставаты’ (Сл. ПЗБ), ’тоўсты’ (Сцяшк.), ’пушысты’ (чырв., З нар. сл.), сюды ж таўсма́ны ’таўставаты’ (Сцяц. Сл.), таўсма́ч ’здаравяк’ (Янк. 3.). Трубачоў (Слав. языкозн. V, 183; Труды, 1, 284), побач з позняй кантамінацыяй (напрыклад, тоўсты і калматы, гл.), разглядае як праславянскі дыялектызм *tъlsmatъ(jь) ад назоўнікаў *tъlsmъ/*tъlsmo, параўн. лат. tulzums ’пухліна’. Ліуканен (Отглаг. сущ., 169–170) лічыць вытворным ад прасл. *tъlsmъ/*tъlsma < *tъlst‑mъ/*tъlst‑ma, старых дзеепрыметнікаў ад *tъlstiti ’рабіць тоўстым’ (гл. таўсціць), што, у сваю чаргу, утвораны ад прыметніка *tъlstъ (гл. тоўсты). Страчаны дзеяслоў з асновай *tъlz‑ меў дакладныя адпаведнікі ў літ. tulžti ’размакаць, разбухаць’, лат. tùlzt ’пухнуць’. На карысць апошняй версіі сведчыць і варыянтнасць фармантаў n/t. Кантамінацыя з тоўсты ў таўстама́ты ’таўставаты’ (карэліц., Нар. лекс.).

Таўстагры́бы ’той, у каго тоўстыя вусны’ (арш., ЛА, 3). Да тоўсты (гл.) і грыбы́ ’губы’ (гл. грыб, губа), параўн. грыба́ты ’таўстагубы’ (віц., бялын., шкл., ЛА, 3).