Тыльё ‘тупы бок касы’ (Чуд.), ‘тыльная частка нажа’ (ТС), тыллё ‘лязо нажа’ (Касп., Мат. Маг.) — адносна апошняга Станкевіч мяркуе, што гэта старана, процілеглая лязу (Стан., 1173), аднак фіксацыя ў розных населеных пунктах пярэчыць гэтаму меркаванню. Да тыл (гл.); змена семантыкі, магчыма, звязана з мясцовай трансфармацыяй зыходнага слова ў дыял. тул, гл. Сюды ж памянш.-ласк. ты́льечко ‘паркан’ (Доўн.-Зап., Пін.), параўн. тыльна сцяна ‘глухая сцяна з цэлых бярвёнаў, прасла’ (ЛА, 4), магчыма, першапачаткова ад тын, гл.
Ты́лька ‘толькі’: тылька асталося тры зелечка (там., Д.-Хадак.), тылько, ты́лькі ‘толькі’ (воран., гродз., беласт., кам., драг., Сл. ПЗБ), ‘толькі што, нядаўна’ (воран., астрав., там жа), ст.-бел. тылько, тылко, тилко ‘не больш як’, ‘выключна, адзіна’, ‘толькі’ (1501 г., ГСБМ). Апошнія лічацца запазычанымі са ст.-польск. tylko (Булыка, Лекс. запазыч., 201; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 154).
Ты́лькнуць (ты́лькнуты) ‘выканаць малую частку належнай работы’ (драг., З нар. сл.). Аднакратны дзеяслоў ад мясцовага ты́лькі ‘толькі’ (Клундук), параўн. ст.-бел. тылко, тылько ‘не больш як, усяго’ (ГСБМ). Гл. наступнае слова.
Ты́льма ‘нядаўна’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. польск. tylma, tylmo ‘чуць, ледзве не’ (Варш. сл.). Няясна; магчыма, ад зыходнага тыле ‘столькі, толькі’ (гл.), ускладненага ўзмацняльнай часціцай *‑ma (*‑mi), як у *tolьma/*tolьmi ‘вельмі шмат’, *kolьma/*kolьmi ‘як многа’, *velьma/*velьmi/*velьmo ‘вельмі’, *vьsьma ‘надта, дужа’ і інш. (ESSJ SG, 1, 320–322).
Тыльма́ ‘бабка ў каня (якую на зіму каню абразаюць)’ (ТС). Няясна.
Ты́льнік ‘кароткая дошка, якой закрываюць уваход у вулей з тылу’ (дзятл., Жыв. сл.). Да тыльны, тыл (гл.), сюды ж, відаць, ты́льня ‘прыбудоўка да сяней’ (ЛМТ).
Ты́льчыць ‘уціскаць, усаджваць’ (Бяльк.); сюды ж, магчыма, і ты́льчыць ‘прасці’ (Касп.). Няясна; фармальна можа быць звязана з тылькнуць, гл.
Тыль-мыль — пра няпэўную або невыразную гаворку: тыль‑мыль — і стаў саўсім другея вузлы вязаць (памяняў думку) (маг., Наша слова, 1992, 26 лют.). Гукапераймальны імітатыў, параўн. тык-мык, гл.
Тылю́к ‘цяля’, перан. ‘малое дзіця’ (драг., Сл. ПЗБ). Заходнепалескі словаўтваральны варыянт з суф. ‑юк ад тыля́ ‘цяля’ (кам., Сл. ПЗБ). Да цяля, цялё (гл.), параўн. телу́х ‘падзыўное слова для маладой каровы’ (Растарг.), цялю́х‑цялю́х ‘тс’ (Мова Сен.), ст.-бел. теля, целя ‘цяля’, телецъ ‘бык’ (ГСБМ).
Тым — слова, суадноснае са злучнікам чым, падкрэслівае большую ступень праяўлення прыкметы; састаўная частка складаных злучнікаў між тым, як; перад тым як; тым больш што; тым часам ‘тады’ і інш. (ТСБМ, ТС, Нас., Шат., Бяльк.). Творны склон займенніка той (< *tъ‑jь), старая аснова выводзіцца з *tŏ‑, якая перад суфіксам на зычны пашыралася элементам *‑ĭ‑ ; *‑ŏĭ‑ манафтангізавалася, утварыўшы ‑ě‑. Да займеннікавай асновы *tě‑ далучаўся канчатак іменнага скланення творнага склону *‑mь, што давала форму Тв. скл. *těmь; апошняя форма ў частцы дыялектаў праславянскай мовы змянілася на *tymь (пад уплывам форм займеннікаў мяккай разнавіднасці). Ст.-бел. тымъ адлюстроўвае ўплыў жывой гутарковай мовы і адзначана з XV ст. (Мова бел. пісьм., 153).
Ты́мбер ‘чатырохметровая часаная хваёвая калода’ (ТС), ты́мбры ‘фляксоны, дубовыя бярвенні рознай даўжыні і таўшчыні, якія ідуць на пабудову мастоў’ (навагр., Нар. лекс.), зборн. ты́нбра ‘тоўстае бярвенне, абчэсанае з чатырох бакоў’, ты́нбрына ‘адно бервяно’ (ТС). Запазычана праз польск. tymbry ‘кароткія брусы (пры гандлі драўнінай)’, параўн. timbersy ‘рэбры каркасу ў лодцы’, з англ. timber ‘будаўнічы матэрыял’, ‘бервяно, бэлька’, якое са ст.-англ. timber ‘збудаванне’, ‘будаўнічы матэрыял’, ‘лес, драўніна’, што ўзыходзіць да прагерм. *temran (параўн, ст.-фрыз. timber ‘лес, драўніна’, ст.-в.-ням. zimbar ‘жыллё, хаціна’, ням. Zimmer ‘пакой’). Стараанглійскі дзеяслоў timbran, timbrian быў асноўным для значэння ‘будаваць’ (Online Etymology Dictionary. Рэжым доступу: http://www.etymonline.com./index.php; 01.06.2010 г.).