Ты́мбер ‘чатырохметровая часаная хваёвая калода’ (ТС), ты́мбры ‘фляксоны, дубовыя бярвенні рознай даўжыні і таўшчыні, якія ідуць на пабудову мастоў’ (навагр., Нар. лекс.), зборн. ты́нбра ‘тоўстае бярвенне, абчэсанае з чатырох бакоў’, ты́нбрына ‘адно бервяно’ (ТС). Запазычана праз польск. tymbry ‘кароткія брусы (пры гандлі драўнінай)’, параўн. timbersy ‘рэбры каркасу ў лодцы’, з англ. timber ‘будаўнічы матэрыял’, ‘бервяно, бэлька’, якое са ст.-англ. timber ‘збудаванне’, ‘будаўнічы матэрыял’, ‘лес, драўніна’, што ўзыходзіць да прагерм. *temran (параўн, ст.-фрыз. timber ‘лес, драўніна’, ст.-в.-ням. zimbar ‘жыллё, хаціна’, ням. Zimmer ‘пакой’). Стараанглійскі дзеяслоў timbran, timbrian быў асноўным для значэння ‘будаваць’ (Online Etymology Dictionary. Рэжым доступу: http://www.etymonline.com./index.php; 01.06.2010 г.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)