Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Разбузо́ліць, разбурзо́ліць ’размясіць’ (паст., брасл., Сл. ПЗБ). Ад раз- і бузава́ць (гл.) з экспрэсіўным фармантам ‑олі‑ (адносна яго гл. Борысь, Leksyka słów., 24–26).

Разбука́ць ’разбухаць, насычаючыся вільгаццю’ (Нас.), разбукаце́ць ’растаўсцець’ (Мат. Гом.), рус. дыял. разбука́ть ’разбухаць ад вільгаці’, разбу́клый ’разбухшы ад вільгаці (пра дровы)’, укр. бука́т ’кусок, скібка’. Ад раз- і буха́ць, які, магчыма, узыходзіць да і.-е. *bu‑ ’надуваць, раздуваць, пухнуць’, ’набрыняць’ (> буяць, гл.), параўн. лац. bucca ’надутая шчака, кусок (у роце)’. Такое ж развіццё семантыкі назіраецца ў слове разбрыняць ’патаўсцець’, пры брына ’вільгаць, вада’ (гл.).

*Разбу́таны, розбу́таны ’растрапаны’ (ТС), параўн. балг. розбу́тан ’расхістаны’, славен. razbutati ’растаўчы, разбіць’, што да прасл. *butati ’піхаць, біць’ (ЭССЯ, 3, 102).

Разбухіта́ць ’раскідаць, прывесці ў беспарадак’ (Сцяшк. Сл.). Ад бухаць (гл.), што ад гукпераймальнага выклічніка *bux! (ЭССЯ, 3, 79–81) па той жа словаўтваральнай мадэлі, што і хлюпата́ць, скрыгата́ць.

Разбуце́ць ’растаўсцець’ (Нас.), разбуці́ць ’распухнуць’ (Бяльк.), разбуцяне́ць ’празмерна распаўнець, разбухнуць’ (Юрч. СНЛ), разбу́ціваць ’разбухаць’ (Юрч. СНЛ), параўн. рус. дыял. разботе́ть, разбуте́ть, разбыте́ть ’разбухнуць ад вільгаці’, ’наліцца сокам (пра расліны)’, ’растаўсцець’, серб.-харв. razbotjeti ’растаўсцець’. Розныя асновы (*bаt‑, *but‑, *bъt‑) прадстаўлены ў рус. дыял. буте́ть ’таўсцець, тлусцець’, ботви́ла ’таўстун, таўстуха’, боте́ть ’таўсцець’, славен. naboteti ’таўсцець, тлусцець’. Гукапераймальны рэгістр выступае ў разбуце́цца ’разгудзецца, расшумецца’ (ТС), параўн. славен. razbọ́tati ’раскрычацца’, гл. спецыяльна Саднік-Айцэтмюлер, 2, 70–73. Гл. таксама батва́. Параўн. разбутаны (гл.).

Разбу́цца, ’разуцца’, разбува́цца ’разувацца’ (Сцяшк. Сл.), разбува́ць ’разуваць’ (Федар.), разбу́ты ’босы’ (Сцяшк. Сл.). Да *raz‑uti. Каранёвае ‑б‑ з’явілася ў выніку перараскладання частак слова з *ob‑uti, гл. абу́ць.

Разбырэ́ць ’стаць разбэшчаным, свавольным, непаслухмяным’, ’абыякава адносіцца да справы’ (бялын., Янк. 3.). Няясна. Магчыма, з разбыдрэ́ць ’распесціцца’ (глыб., ЖНС), гл. разбудрыць, у сувязі з дээтымалагізацыяй зыходнага развыдрэ́ць ’зрабіцца смелым, дзёрзкім’ (Нас.). Для значэння ’абыякава адносіцца да справы’ не выключаны ўплыў абы́раць ’прывыкнуць да дрэнных абставін’ (гл.).

Разбэ́хаць ’разбавіць вадой’ (Сцяшк.), разбэ́хыць ’разбіць’ (Бяльк.), ’раскапаць празмерна’ (Юрч. СНЛ), бэхан ’удар кулаком’ (Юрч. СНЛ). Дзеясловы ўтвораны ад выклічніка бэх!, варыянт бах!, гл. бахаць.

Разважа́ць ’абмяркоўваць, узважваць усе аргументы за і супраць’ (Нас.), ’рассейваць трывогу, суцяшаць’ (Нас., Сержп.). Паводле Насовіча (там жа, 546), ад вага́ (гл.).

Разва́жджываць ’адвязваць лейцы’ (Юрч. СНЛ). Утворана ад во́жджы ’лейцы’ (гл.) з дапамогай прыстаўкі раз-, якая надае слову значэнне ’дзеянне, супрацлеглае папярэдняму’, як развяза́ць, рассупо́ніць.