Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Меќалка ’коцік на дрэвах’ (Янк. 2). Відаць, да мека ’мядзведзь’. Аналагічны семантычны пераход ’назва звера’ > ’коцік на дрэвах’ назіраецца ў бел. коцік, польск. kotka, славен. mačica, ням. Kätzchen, якія звязаны з ’кот’, чэш. jehněda — з ’ягнё’.

Ме́каць1 ’бляяць, крычаць (аб цялятах, козах, авечках)’ (Янк. 2, ТС; рэч., Мат. Гом.). Укр. ме́кати, чэш. mekati ’тс’, серб.-харв. ме́кати, ме́чати ’тс’. Прасл. mekati, якое да і.-е. гукапераймальнай асновы *meq: літ. mekénti, meknóti, mekčinoti ’заікацца’, ’мекаць’, ’бляяць’, арм. mak​ci ’авечка’, ст.-грэч. μηκάς ’каза’. Сюды ж (паводле Скока, 2, 402), магчыма, і паўд.-слав. мечка ’мядзведзь’, што, аднак, звязана з семантычнымі цяжкасцямі (Бернекер, 2, 30, 32; Фасмер, 2, 594 і 613–614). Махэк₂ (358) лічыць, што гукапераймальныя формы ў слав. мовах узніклі самастойна.

Ме́каць2 ’разважаць, думаць’ (Бяльк.), рус. ме́кать, мека́ть ’тс’, ’прыгадваць, адгадваць’, ’лічыць’. Не зусім яснае слова. Бернекер (2, 33) суадносіць яго са ст.-грэч. μέδομαι ’маю на ўвазе’, μήδομαι ’прыдумваю’, лац. meditor ’думаю’, ірл. midiur ’тс’, уэльск. meddwl ’дух, розум, думка’, гоц. mitôn ’абдумваць’, Фрэнкель (IF, 51, 150) — з літ. mẽklinti ’мераць, узважваць, абдумваць’, лат. meklêt ’шукаць’. Брукнер (KZ, 48, 196) выводзіць рус. мекать з ме́тить ’цэліць’ (Фасмер, 2, 594).

Мекашэўя, мекішэўя ’мышцы’ (віл., чэрв., Сл. ПЗБ). Утворана ад мя́кіш (< мяккі) < прасл. mękyšь і суфіксаў ‑ev‑ьje.

Мекіта́ць ’знаходзіцца ў стане цечкі (пра авечку)’ (ашм., Сл. ПЗБ). У выніку кантамінацыі лексем мекаць1 і меркітаваць (гл.). Параўн. чэш. вал. mrkotat ’тс’.

Ме́кнуцца ’ўпасці раптоўна’ (Ян.). Гукапераймальнае. Да шмяк, шмякнуцца (гл.).

Ме́кшаны ’біты’ (Ян.). Да мякаць3 ’біць’ (гл.).

Мекята́ць ’крычаць па-казінаму’ (Грыг.), мекета́ць ’бляяць (пра авечку)’ (ТС). Ад абстрактнага прасл. mekotъ/meketь, якое з mekati > мекаць1 (параўн. чэш. mek(o)tati, серб.-харв. мекѐтати ’бляяць’).

Мел1 ’мяккі белы вапняк, які ўжываецца для пабелкі, чысткі, пісання’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Ян.; слаўг., Яшк.), слаўг. ме́ла ’тс’ (Яшк., Бяльк.)., мел ’гліна’ (Ян.). Рус. мел, ст.-рус. мѣлъ ’мел’, ’пыл, пясок’; польск. miał ’тс’, miałki ’плыткі’, ’дробны’, н.-луж. měł ’крухмал’, в.-луж. mjeł, měł, н.-луж. rěcny mił ’плывун у рацэ’, mělny ’тонкі, дробны’, ст.-чэш. měl ’прыбярэжны пясок’, валаш. měľ ’дробная мука, соль’, ст.-серб. мѣль, істрыйск. melj ’дробны пясок’, ’урадлівая зямля’, славен. mȇl, mil ’пясок, рачны пясок’, ’друз’, балг. мел ’сыпкая скала, пясчаная глеба’, мель ’роў’, ст.-слав. мѣлъ ’вапна, вапняк’. Прасл. mělъ доўгая ступень чаргавання галоснай ад mělti ’малоць’. Генетычна блізкімі з’яўляюцца літ. smėlỹs, smiltìs ’пясок’, лат. smẽlis ’тс’ і літ. smilỹnė ’пяскі’, ’меліна’, гоц. smals ’дробны’, нарв. smola ’пакрышаны, раздроблены’, ірл. smal ’пыл’ (Бернекер, 2, 48; Мес, MSL, 14, 373, Брукнер; 329; Фасмер, 2, 594; Бязлай, 2, 176; Шустар-Шэўц, 12, 896–897; 921 і 922; БЕР, 3, 724–725). Паводле Скока (2, 403), няясна, адкуль з’явілася ě ў аснове: прымаючы да ўвагі значэнне ’дробны’, прасл. mělъ можна вывесці і з і.-е. *mei‑ (> ст.-слав. мьньи, лац. minus). Параўн., аднак, Махэк₂ (349), які тлумачыць гэта другаснай даўжынёй галоснай і параўноўвае з malъ.

Мел2 ’вадкі раствор з аўсянай мукі, з якога варыцца кісель’ (стол., Вешт.). Да мел1. Параўн. н.-луж. měł, měłk ’крухмал’, в.-луж. měłk, woměłk, womjełk ’канцэнтраваны корм для кароў’, н.-луж. mił ’бульбяная мука’, miel ’змесціва зярнят, мука’, рус. вяц., кастр. мел ’закваска для хлебнага цеста’, паўн. ’дрожджы’.

Мел3 ’млын’ (паўн.-усх., КЭС). Няясна. Магчыма, з ням. Mehl ’мука’ ў выніку пераносу значэння.

Мел4 (м. род) ’мель’ (ТС). Да мель1 (гл.). Мена канчатка (і роду), як у бел. пылрус. пыль.

*Мелава́ты, меловаты ’непаваротлівы, павольны’ (ТС). Да мелава́ць ’мясіць, таптаць’ > ’таптацца на месцы, мяцца’.

*Мелава́ць, мелова́ць ’гнесці, таптаць, мясіць’ (ТС). Польск. велікапольск. międlowac ’церці лён’, варм.-мазур. tarlica międlowna ’церніца’. Утворана ад наз. mędlo, якое да męti ’мяць, мясіць’. Аб пераходзе ę > бел. я > е гл. Карскі, 1, 104–105.